Някляеў: Сёння нам патрэбныя людзі, здольныя легчы на пасадачную паласу

Някляеў: Сёння нам патрэбныя людзі, здольныя легчы на пасадачную паласу

Акцыя пратэсту супраць размяшчэння расійскай авіябазы ў Беларусі, сабрала некалькі соцень удзельнікаў. Сярод шараговых беларусаў Еўрарадыё знаходзіць знакавых палітыкаў, літаратараў ды мастакоў і цікавіцца: “У чым яны бачаць пагрозу расійскай авіябазы?” і “Ці прыслухаюцца ўлады да выказанага на плошчы Свабоды меркавання адносна яе размяшчэння?”

Акцыя супраць расійскай ваеннай базы ў Мінску ― фотарэпартаж

Някляеў: Сёння нам патрэбныя людзі, здольныя легчы на пасадачную паласу

Аляксандр Мілінкевіч, палітык, лідар Руху “За свабоду”

"Я ведаю, што ў краіне ва ўсіх аднолькавае стаўленне да гэтай базы, бо за дэмакратыю можна доўга змагацца, а незалежнасць можна страціць за адну ноч. Але як заўсёды праблема салідарнасці: не хапае таго, каб усе адчулі гэту небяспеку і паверылі, што толькі мы, ніхто за нас. Я не думаю, што ёсць адна з’ява, адна арганізацыя ці адзін лідар, які гэта (размяшчэнне ў Беларусі расійскай авіябазы ― Еўрарадыё) спыніць… Улада таксама, напэўна, не хоча базы, бо база ― гэта канец размоў з Еўропай, магчымасцяў супрацоўніцтва для таго, каб праводзіць рэформы. А без еўрапейскіх грошай будзе вельмі цяжка. Таму пытанне не ў жаданні, а ў магчымасцях. І таму наша пазіцыя павінна быць такая: на гэтай зямлі гаспадары людзі, а не ўлада. Улада прыходзіць і сыходзіць, а людзі мусяць змагацца. Я думаю, што не ўсе беларусы вераць, што ад іх нешта залежыць, хаця і разумеюць небяспеку".

Някляеў: Сёння нам патрэбныя людзі, здольныя легчы на пасадачную паласу

Уладзімір Арлоў, пісьменнік

"Я сёння згадаў адну рэляцыю генерала Кацярыны ІІ, напісаную ў сярэдзіне XVIII стагоддзя з Беларусі, калі тут ужо стаялі расійскія войскі. Ён пісаў, што “присутствие в здешних местах наших войск, Государыня, придаёт правильное направление мысли здешним жителям”. Я думаю пра тое, што катастрафічнай колькасці нашых суайчыннікаў гэты вось накірунак думак, амаль бясконцая прысутнасць войск Расіі ўжо надакучыла. Мяне тут днямі запісвала адна тэлекампанія для навагодняга віншавання. Дык я на запіс прыйшоў з маленькім ядром, якое знайшоў на месцы Палонкаўскай бітвы 1660 года, калі паміж Баранавічамі і Слонімам нашы войскі разбілі войска маскоўскага ваяводы Хаванскага. І я жадаў і беларусам, і ўсходнім суседзям, каб не лезлі сюды са сваімі базамі і ўказамі, а то ўрэшце могуць атрымаць як Хаванскі пад Палонкай".

Някляеў: Сёння нам патрэбныя людзі, здольныя легчы на пасадачную паласу

Алесь Пушкін, мастак:

"Глядзі: Прыднястроўе ― гэтая бедная, загнутая краіна, створаная дзякуючы вайне і расійскім базам; Цхінвалі ― тое ж самае: бедная Асеція, але і там расійская вайсковая база; Украіна, Крым ― яшчэ табе адзін факт. Таму, на падставе гэтых фактаў, любая база: NATO ці расійская ― кепска. Таму Беларусь павінна мець антымелітарны статус. Гандаль, лагістыка ― гэтым трэба займацца. І я не веру, што наша неба трэба прадаваць Расіі, таму што тут нібыта будуць лётаць і парушаць нашу паветраную прастору натаўскія знішчальнікі. Ёсць у нас 181-я асобная верталётная база, якая займаецца патруляваннем, ёсць у нас у Лідзе свая эскадрылья ― дастаткова! Я сам калі служыў, то быў на вайсковай базе на тэрыторыі іншай дзяржавы ― бачыш? (паказвае пасведчанне вайскоўца, які служыў па-за межамі тэрыторыі СССР ― Еўрарадыё). Я быў акупантам! Зразумела, сённяшняе мерапрыемства цудоўнае, скіраванае супраць расійскіх баз, але яго падмянілі стварэннем нейкай чарговай мёртвай структуры (падчас акцыі па ініцыятыве Уладзіміра Някляева удзельнікам прапаноўваюць прагаласаваць за стварэнне Руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”, кіраўніком якога па прапанове Міколы Статкевіча і абіраюць Някляева ― Еўрарадыё). Для чаго збітыя лётчыкі збіраюцца зноў? Такіх не садзяць у баявыя машыны, я не веру, што іх машына будзе баявая. Чарговая імітацыя дзейнасці!"

Някляеў: Сёння нам патрэбныя людзі, здольныя легчы на пасадачную паласу

Мікалай Статкевіч, палітык

"Я задаволены тым, што ёсць у нашай краіне людзі, якія не баяцца, якія прыходзяць на несанкцыянаваную акцыю, калі кожны разумее, што тут на яго можа быць складзены пратакол. Такія людзі ёсць, іх робіцца больш… Не так хутка іх колькасць павялічваецца ад акцыі да акцыі, як мне хацелася б, але даруйце: пяць гадоў не праводзілі мітынгі ў цэнтры горада! Людзі адвыклі. Будзем прывучаць назад! Я думаю, што выказаная сёння пазіцыя будзе даведзеная з дапамогай вас таксама да вялікай колькасці беларусаў. І, безумоўна, любая рэакцыя на базу будзе ўплываць на сітуацыю. Адсутнасць рэакцыі на базу таксама мае вынік ― мы рэагуем. Магчыма, 10 кастрычніка мы зрэагуем значна большай колькасцю людзей".

Някляеў: Сёння нам патрэбныя людзі, здольныя легчы на пасадачную паласу

Уладзімір Някляеў, пісьменнік, лідар Руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі”:

"Мне гэтага не хацелася б, але ў бліжэйшыя два гады тыя, хто не прыйшоў, зразумеюць, што яны не прыйшлі дарма. Бо ў бліжэйшыя два, а можа тры гады, недзе ў 2018-м, абвастрыцца сітуацыя настолькі, што Расія будзе прымаць нейкія меры, каб нават тое кіраўніцтва, якое ёсць сёння, замяніць на яшчэ больш прарасійскае. Бо наўрад ці іх нават Лукашэнка задаволіць з той гульнёй, якую ён распачаў, праклаўшы заходні вектар. Дзеля гэтага найперш і ствараецца гэта вайсковая база. І я перакананы, што будзе ціск на Лукашэнку і далей ― Крэмль не спыніцца на Бабруйску. Сёння нам патрэбныя людзі, якія будуць здольныя легчы на тую пасадачную паласу, каб туды не селі самалёты іншай краіны. Людзі, якія маглі б ахвяраваць большым, чым звычайны чалавек. Дык вось, я стараюся з такіх людзей стварыць гэты Рух. Мы будзем удзельнічаць ва ўсіх акцыях пратэсту, мы будзем іх арганізоўваць, будзем дамагацца, каб да яго далучалася як мага больш людзей, не задзейнічаных у тытульнай апазіцыі".

Славамір Адамовіч, паэт

"На фоне падзей, што адбываюцца ва Украіне і Сірыі з удзелам Расіі, размяшчэнне чарговых вайсковых адзінак на тэрыторыі Беларусі ― гэта павялічэнне пагрозы ўцягвання Беларусі ў нейкія лакальныя канфлікты. А яшчэ большая пагроза ― уцягванне нас у канфлікты міжнародныя. Безумоўна, да меркавання народа, выказанага тут на плошчы, улады ні беларускія, ні расійскія прыслухоўвацца не будуць. Але галоўнае, што пададзены знак, што мы так проста гэта не праглынем, што ёсць людзі, якія супраць. Прыйшло сёння 400-500 ці нават 200 чалавек ― не важна. Гэта толькі актыўныя прадстаўнікі грамадства, якому не патрэбныя ні гэтыя базы, ні якія іншыя ваенны рухі тут, на нашай зямлі. Наўрад ці гэта акцыя стане буферам на шляху размяшчэння базы, але знак пададзены".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі