Нямецкі палітолаг: Мінскія перамовы — рэальны шанец усім выйсці пераможцамі
Еўрапейскія эксперты прагназуюць магчымыя сцэнарыі развіцця падзеяў пасля мінскіх перамоў у “нармандскім фармаце”.
Без перабольшання, уся Еўропа чакае вынікаў перамоваў паміж лідарамі Украіны, Расіі, Германіі і Францыі, што мусяць прайсці ў Мінску 11 лютага. Што чакае ўсходнееўрапейскі рэгіён у выпадку, калі перамовы пройдуць паспяхова, а што калі праваляцца?
Міністр замежных спраў Люксембурга Жан Асельборн мяркуе, што ў тым выпадку, калі лідарам “нармандскай чацвёркі” не атрымаецца дамовіцца прынамсі пра рэжым спынення агню, баявыя дзеянні ў Данбасе выйдуць на новы ўзровень.
“Тады ў поўнай меры разгорнецца дыскусія аб пастаўках Украіне зброі і ў Еўропе, і, зразумела, у трансатлантычных адносінах”, — прадказаў дыпламат ў інтэрв’ю нямецкай радыёстанцыі Inforadio.
“Ніякага эмбарга на пастаўкі ўзбраення для Украіны не існуе, і гэта азначае, што краінам, якія хочуць гэта рабіць, не патрабуецца ніякая аўтарызацыя”.
Але для еўрапейскай знешняй палітыкі быў бы “драматычным раскол па гэтым пытанні,” адзначыў люксембургскі палітык.
Эксперт Нямецкага таварыства знешняй палітыкі Хенінг Рыке мяркуе, што “калі гэтыя перамовы завершацца правалам, а сепаратысты хутка адновяць баявыя дзеянні, Абама не зможа супрацьстаяць ціску, які на яго аказваюць”, — адзначыў ён у інтэрв’ю Deutsche Welle.
Ангела Меркель бачыць магчымасць такога варыянту развіцця падзеяў, але перакананая, што партнёрства Германіі са Злучанымі Штатамі не сапсуецца, калі Вашынгтон стане пастаўляць Украіне зброю, а Берлін — не.
Зрэшты, некаторыя нямецкія назіральнікі лічаць, што Абама і Меркель проста гуляюць у “добрага і злога следчага”, каб, з аднаго боку, паказаць Крамлю, у што можа выліцца яго авантура на ўсходзе Украіны. А з другога — заахвоціць краіны Еўрапейскага Саюза ўвесці яшчэ больш жорсткія санкцыі ў якасці альтэрнатывы ваеннаму вырашэнню канфлікту, адзначае выданне.
А вось нямецкі палітолаг Аляксандр Рар у інтэрв’ю Еўрарадыё распавёў, што мінскія перамовы — гэта рэальны шанец, калі ўсе бакі канфлікту змогуць стаць пераможцамі.
“Раней канфліктуючыя бакі лічылі, што нехта зможа перамагчы. Але рэальнасць паказала, што ў гэтым канфлікце не будзе пераможцаў, будуць толькі тыя, хто прайграў”.
Эксперт мяркуе, што менавіта цяпер, у Мінску з’явіўся рэальны шанец разблытаць гэты канфлікт.
“Цяпер з’явіўся гістарычны момант, калі можна стварыць агульны падмурак, пры якім ніхто б не згубіў свайго твару”.
Палітолаг разважае, што ў самым лепшым выпадку перамовы могуць прынесці выгаду ўсім яго ўдзельнікам:
“Парашэнка ўжо зразумеў, што вайну трэба спыніць любымі шляхамі. Не здавацца, не капітуляваць, але пагадзіцца на тое, што Данецк і Луганск пэўны час не будуць кантралявацца Кіеўскім урадам”.
Такі кампраміс дазволіць і Расіі адчуць сябе пераможцам.
“Гэтак яна дакажа, што абараніла інтарэсы сепаратыстаў, а гэта важны мэсадж для ўласнага насельніцтва. Там, відаць, былі такія чаканні”, — адзначае эксперт.
Тады і Еўропа будзе прадстаўлена, як бок, які змог усталяваць мір ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. І нават амерыканцы змогуць паказаць сябе ў лепшым свеце, што не маюць ніякага дачынення да гэтага канфлікту. Тут вельмі важны псіхалагічны момант. З практычнага пункту гледжання дамовіцца будзе нашмат цяжэй, але калі псіхалагічна ўсе бакі будуць згодныя з тым, каб усе захавалі свой твар, а не прыніжалі каго-небудзь асобнага, тады сустрэча зможа скончыцца паспяхова.
“Калі сустрэча будзе паспяховай, ваенныя бакі мусіць развесці якая-небудзь трэцяя сіла: ці то блакітныя каскі ААН, ці то АБСЕ. Гэта могуць быць японцы, яны вельмі дасведчаныя ў міратворніцкай справе, ці то індыйцы, ці то тыя, хто псіхалагічна блізкі абодвум канфліктуючым бакам, напрыклад, сербы ці харваты. Гэта можна ўсё прыдумаць, але галоўнае дамовіцца”, — мяркуе Рар.
Адным з магчымых патрабаванняў да украінскага боку можа стаць яе федэралізацыя. Палітолаг мяркуе, што прымусіць Кіеў зрабіць гэта ніхто не можа. Але калі ўкраінскі бок пагадзіцца, гэта вельмі аблегчыць палітычнае рашэнне. Такім чынам, не патрэбна будзе пракламаваць нейкую асобную аўтаномію Данецкаму і Луганскаму рэгіёну, а можна будзе сказаць, што ўся Украіна праз пэўны час перагледзіць сваю палітычную сістэму.
Самым цяжкім пытаннем на перамовах, на думку палітолага, будзе рэгуляванне на мяжы Данецкай, Луганскай абласцей і Расіі. Украінскі бок і Захад могуць патрабаваць, каб на мяжы стаялі войскі трэцяй сілы.
“Я не магу сабе ўявіць, каб Расія пагадзілася на гэта”, — дадае Рар.
У той жа час, палітолаг мяркуе, што “калі мінскія перамовы не атрымаюцца, тады будуць і пастаўкі лятальнай зброі ва Украіну, будзе моцны супраціў сепаратыстаў і іх падтрымка Расіяй. Пойдуць новыя хвалі санкцыяў і пачнецца новая халодная вайна”.
Аляксандр Рар кажа, што “нікому гэты канфлікт больш не патрэбны. Усе вельмі стаміліся. Вайну можна спыніць за адзін дзень. Стварыўшы дэмаркацыйную лінію і паставіўшы туды блакітныя каскі”.