Пабіты сусветны рэкорд працягласці авіяпералёту — 19 гадзінаў у паветры
Аўстралійская авіякампанія Qantas паставіла рэкорд працягласці пералёту ў гісторыі камерцыйнай авіяцыі: яна ажыццявіла бесперасадачны рэйс з Нью-Ёрка ў Сіднэй. Палёт Boeing 787 Dreamliner доўжыўся 19 гадзінаў 16 хвілінаў, піша Reuters.
Рэйс быў тэставы: вывучалі, як на арганізм пасажыраў уплывае працяглае знаходжанне ў паветры і змены часавых паясоў.
У сучасных лайнераў абмежаваны памер паліўных бакаў, таму яны не могуць ажыццяўляць такія працяглыя пералёты. На борце самалёта было толькі 49 чалавек і яны змаглі ўзяць абмежаваную колькасць багажу.
Пакуль што найбольш працяглым рэгулярным рэйсам у свеце з’яўляецца пералёт Сінгапур — Нью-Ёрк, які ажыццяўляе кампанія Singapore Airlines. Там лайнер ляціць болей за 18 гадзінаў без перапынку.