Пачаўся новы сезон праекта "Новай Беларусі" па лічбавым самакіраванні
Праект "Будуй сваё"
6 лютага стартаваў новы сезон праекта лічбавага самакіравання "Новай Беларусі". Гэта праект, дзе беларусы і беларускі могуць самі прафінансаваць ажыццяўленне сваіх ідэй. З яго дапамогай збіраюцца грошы на рэалізацыю ідэй, якія абяруць самі ўдзельнікі і ўдзельніцы праекту.
Летась праект па лічбавым самакіраванні быў пілотным. Тады да праекту далучылася як мінімум 265 удзельнікаў і ўдзельніц. Дакладную колькасць арганізатары не ведаюць, бо частка людзей фундавалі партнёрам свой адсотак ад падаткаў, але не дасылалі скрын дэкларацыі, таму палічыць іх было немагчыма.
Было сабрана каля 47 000 еўра. На гэтыя грошы ў Літве ўжо запусцілі бібліятэку беларускай кнігі, а ў Польшчы ствараюць сайт па гісторыі Беларусі.
У новым сезоне праект атрымаў назву — "Будуй сваё". "Мы заклікаем беларусаў і беларусак з любой краіны далучыцца і будаваць сваё, са сваімі і для сваіх", — тлумачаць арганізатары.
Сёлета ў праекце "Будуй сваё" змогуць паўдзельнічаць беларусы і беларускі з любой краіны, а не толькі з Літвы ці Польшчы, як летась.
Далучыцца да праекта "Будуй сваё" можна двума спосабамі.
Праз падатковую дэкларацыю: зафундаваць 1,5% (у Польшчы) ці 1,2% (у Літве) сваіх падаткаў на дабрачыннасць у партнёрскія ўстановы "Новай Беларусі" пры запаўненні дэкларацыі. Сёлета ў праекта ты ж самыя партнёры ў Польшчы (фундацыі Tutaka і FaniMani) і новы ў Літве (арганізацыя ZUBR.IN).
Праз унёсак: пералічыць ад 35 еўра.
Рэквізіты партнёраў праекту, гайды, як запоўніць дэкларацыю, таймлайн праекту, а таксама адказы на папулярныя пытанні можна пабачыць на сайце.
Арганізатары разлічваюць, што да праекта далучыцца не меш за пяць тысяч беларусаў і беларусак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.