Пад Магілёвам звольнілі зваршчыка, які патрабаваў лепшых ўмоваў працы

Валадар Цурпанаў, які працаваў зваршчыкам на Арматурным заводзе ў вёсцы Салтанаўка ў Магілёўскім раёне, даведаўся пра сваё раптоўнае звальненне 16 кастрычніка, калі вярнуўся на працу пасля хваробы.

Цурпанаў меў бестэрміновую працоўную дамову. Афіцыйна яго звольнілі за "сістэматычнае невыкананне без здавальняючых прычын абавязкаў, ускладзеных працоўнай дамовай і правіламі ўнутранага працоўнага раскладу". Акрамя таго, Цурпанаў нібыта прычыніў наймальніку матэрыяльную шкоду і меў дысцыплінарнае пакаранне. 

Са словаў Валадара Цурпанава, сапраўднай прычынай звальнення стала яго змаганне за лепшыя працоўныя ўмовы, беларускую мову і выданне ім завадскога бюлетэня "Валадарынка".

Валадар Цурпанаў: “Прычына майго звальнення звязаная з тым, што я змагаўся за паляпшэнне ўмоваў працы на прадпрыемстве. Гаворка ідзе пра звычайныя бытавыя рэчы — душ, прыбіральня, сталовая. Я ў сваіх скаргах не абмяжоўваўся зваротамі толькі да наймальніка, аднак і звяртаўся па дапамогу кантралюючых структур, якія вымушаныя былі зафіксаваць усё і прыцягнуць да адказнасці прадстаўнікоў адміністрацыі завода. Зразумела, што гэта ўсё не магло выклікаць радасці ў начальства. 20 гадоў прадпрыемства існавала, і тут з'явіўся нейкі "ненармальны" работнік, які патрабуе лепшых умоваў у адрозненні ад таго, да чаго прызвычаіліся іншы рабочыя”.

Калі на ўсе скаргі Цурпанава адміністрацыя прадпрыемства пачала даваць адказы па-руску, рабочы звярнуўся ў адміністрацыю Магілёўскага раёна з просьбай пакараць кіраўніцтва завода за невыкананне закона аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб. У выніку, за першыя пяць рускамоўных адказаў на беларускамоўныя звароты дырэктар прадпрыемства атрымаў штраф у памеры 600 тысяч рублёў.

Аднак астатнія 15 зваротаў былі напісаныя так званай “тарашкевіцай”, а не афіцыйна прынятай версіяй беларускага правапісу, таму Магілёўскі райвыканкам вырашыў нікога не караць — лісты Цурпанава, па іх меркаванні, не адпавядаюць патрабаванням афіцыйнай дакументацыі.

Што ж тычыцца дысцыплінарнага пакарання, якое ставіць актывісту ў віну кіраўніцтва прадпрыемства, то Цурпанаў кажа, што атрымаў яго за спробу пранесці мабільны тэлефон на завод. Прычыненне ж матэрыяльных страт, пра якое заяўляе наймальнік, па словах  Цурпанава, заключалася ў тым, што ён адмовіўся выконваць даручэнне майстра, які загадаў парушыць тэхналагічныя патрабаванні.

Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель упэўнены, што звальненне актывіста мае палітычны падтэкст.

Барыс Бухель: “У выпадку з Цурпанавым абавязкова прысутнічаюць прафсаюзны і палітычны складнікі. Ён выдаваў газету, адстойваў свае правы. Наколькі законнае яго апошняе спагнанне за парушэнне дысцыпліны, трэба глядзець. Яму цяпер неабходна ў месячны тэрмін абскардзіць сваё звальненне".

Сам Валадар Цурпанаў кажа, што збіраецца праз суд аднавіцца на працы, каб затым звольніцца па ўласным жаданні.

Рубрыка “Самаабарона” спецыяльна для праваабарончай праграмы “Кардыяграма

Фота svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі