Пад Мінскам зачэпер зламаў нагу, саскочыўшы з цягніка
Няшчасны выпадак здарыўся на станцыі Калодзішчы пад Мінскам увечары 23 красавіка, паведамляе прэс-служба МУС.
Каля 20-й гадзіны дзяжурная па станцыі заўважыла двух хлопцаў на хваставым вагоне таварняка Мінск-Орша. Яна паведаміла пра гэта машыністу і затэлефанавала ў міліцыю.
Калі састаў пачаў тармазіць, зачэперы саскочылі з яго. Але пры гэтым 19-гадовы мінчук тарымаў сур'ёзную траўму. У лякарні ў яго дыягнаставалі пераломы сцягна і шчыкалаткі, вялікую гематому і рваную рану ступака. Цяпер высвятляецца, як хлопец атрымаў гэтыя пашкоджанні — трапіўшы пад цягнік або пры падзенні на зямлю.
Другі зачэпер, 20-гадовы мінчук, уцёк з месца здарэння, але міліцыя знайшла яго. на яго склалі пратакол за парушэнне правілаў карыстання сродкамі чыгуначнага транспарту. Яму пагражае штраф да 73,5 рубля (3 базавыя велічыні).
Пацярпелага зачэпера пасля выпіскі з лякарні таксама прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці.