Пад Мінскам затрымалі беларусаў і немца — прадавалі какаін і думалі скрасці аўто

Пад Мінскам затрымалі беларусаў і немца — прадавалі какаін і думалі скрасці аўто

Пад Мінскам міліцыянеры затрымалі двух беларусаў і немца. Іх падазраюць у продажу жыхару Капыльскага раёна 20 грамаў какаіну за 3 тысячы долараў. Праўда, у МУС кажуць, што гэта "спадарожнае" злачынства, паколькі браты хацелі скрасці ў замежніка яго аўтамабіль BMW. Таму і была арганізавана гэтая паездка ў Беларусь. Як паведамляе ў Telegram прэс-служба МУС, адзін з затрыманых — 43-гадовы ўраджэнец Беларусі, які жыве ў Гамбургу, другі — яго 38-гадовы брат, які жыве ў Маладзечне, трэці — 30-гадовы грамадзянін Германіі. Какаін прывёз з Германіі старэйшы з братоў, які ехаў у машыне разам з немцам.

Браты планавалі вырабіць дублікат ключоў ад аўтамабіля замежніка, каб падчас яго наступнага прыезду, ужо самастойнага, завалодаць легкавіком. Сілавікі ўсе гэтыя дзеянні беларусаў зафіксавалі, пасля чаго затрымалі ў пасёлку Хацежына. Замежнік знаходзіцца пад абавязацельствам пра яўку, а беларусы — за кратамі. Крымінальную справу распачалі па факце продажу какаіну. Працягваецца праверка па факце перамяшчэння наркотыка праз мяжу і па падрыхтоўцы да крадзяжу ў асабліва буйным памеры.

Старэйшы з братоў раней прыцягваўся ў Беларусі да крымінальнай адказнасці за крадзяжы і ўцёкі з месцаў пазбаўлення волі. Па звестках беларускіх сілавікоў, у Германіі ён займаўся крымінальным аўтабізнесам і распаўсюдам наркотыкаў. Малодшы брат таксама меў праблемы з законам. У канцы 2019-га ён толькі выйшаў на волю пасля адбыцця тэрміну, прызначанага за бандытызм.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі