“Падчас ператрусу мне было каля шасці” — гісторыя дачкі чэшскай дысідэнткі

Бланка Петрашова

Бланка Петрашова / Еўрарадыё

— Трэба сказаць, я люблю есці і перакананая, што пракарміцца можна заўсёды, а свабоду варта берагчы, — кажа Бланка Петрашова, з якой Еўрарадыё размаўляе пра тое, чаму адны людзі гатовыя змагацца за сваю незалежнасць, а іншыя — не.

Нашая суразмоўніца — дачка вядомай чэшскай дысідэнткі Пятрушкі Шустравай. Жанчына памерла ў траўні 2023 года, але пакінула за сабою след нязломнай барацьбіткі за свабоду і дэмакратыю, які не змаглі сцерці ні камуністычны рэжым у колішняй Чэхаславаччыне, ні два гады за кратамі за распаўсюд улётак падчас Пражскай вясны.

Пятрушка Шустрава была адной з галоўных прадстаўніц “Хартыі-77”, а пасля Аксамітнай рэвалюцыі працавала нават намесніцай міністра ўнутраных спраў і распрацоўвала закон аб люстрацыі, які ў Чэхіі быў занадта строгім.

Як жылося сем’ям дысідэнтаў пасля 1968 года і што натхняла не апускаць рукі і працягваць барацьбу да перамогі ва ўмовах дыктатуры?

Вось што ўзгадвае Бланка Петрашова.

 

У сям’і расло пяцёра дзяцей, на працу — не бралі

Самы старэйшы брат нарадзіўся ў 1967 годзе, калі маме было дваццаць, малодшы — у 1984-м, калі маме было 37. Таму нейкую частку жыцця яна правяла ў дэкрэце, нейкую частку ў турме, а пасля турмы — гэта было яшчэ да таго, як я нарадзілася (яе вызвалілі ў 1971 годзе, здаецца) — яна да самай рэвалюцыі не магла выконваць ніякай кваліфікаванай працы.

Яна працавала на пошце, але пасля дэкрэту яе ўжо нават на пошту не ўзялі, ёй усюды адмаўлялі. У яе былі нейкія эпізадычныя працы, але калі высвятлялася, хто яна, яе звальнялі. Таму мама была хатняй гаспадыняй, тым не менш, увесь час працавала.

Так, яна не магла выконваць кваліфікаваную працу, за якую б атрымлівала заробак. Але яна сустракалася з абсалютна выключнымі журналістамі, літаратарамі, паэтамі, музыкамі, палітыкамі, сацыёлагамі… Яна выконвала значна больш кваліфікаваную працу, да таго ж такую, якая мела для яе вялізны сэнс.

 

Па хаце хадзіў мужчына на абцасах

Я нарадзілася ў 1972 годзе. Спрабую ўзгадаць, калі я ўсвядоміла, што мы дысідэнцкая сям’я… У маіх дзіцячых успамінах ёсць адзін гукавы — даволі інтэнсіўны.

Гэта было раніцай, я прачнулася. У нас была шчыліна пад дзвярыма з дзіцячага пакоя ў гасцёўню. Я заўважыла, што яшчэ вельмі рана, а там ужо гарэла святло, і хтосьці хадзіў на абцасах, а ў нас гэтага ніхто не рабіў. Па хадзе я зразумела, што гэта мужчына, а мужчына на абцасах — гэта дзіўна. Гэта быў ператрус.

“Падчас ператрусу мне было каля шасці” — гісторыя дачкі чэшскай дысідэнткі
Сям'я Пятрушкі Шустравай / Здымкі з кнігі ўспамінаў дысідэнткі

“Чаму я мушу з’язджаць? Хай яны з’язджаюць!”

Мне здаецца, што тагачасная сітуацыя крыху адрозніваецца ад цяперашняй беларускай. Прынамсі, наколькі мне вядома. Наша сітуацыя была больш міласэрнай. Я думаю, што мама ніколі не хацела з’язджаць. Тое, што на яе спрабавалі ўплываць — гэта адназначна.

Было відавочна, што яе дзеці не паступяць ва ўніверсітэт. Майго старэйшага брата, які хацеў вучыцца на святара, замест таго, каб прыняць у семінарыю, забралі на два гады ў войска, у батальён для палітычна небяспечных у Сэрэдзь на Славаччыне, адкуль ён не мог ездзіць дадому. Але ўсё гэта быў зносны тэрор.

Мама рабіла працу, якую любіла, і казала: “Гэта мая краіна. Чаму я мушу з’язджаць? Хай яны з’язджаюць! Я павінна тут застацца і прыносіць карысць”. Але быў ціск з боку паліцыі, існаваў план акцыі “Асанацыя”, якая была накіраваная на тое, каб жорсткімі допытамі, ускладненнем жыцця ва ўсіх магчымых сферах, уключна з адмаўленнем у медыцынскай дапамозе, змусіць людзей з’ехаць. Ім адразу ж прапаноўвалі адмысловы эмігранцкі пашпарт, казалі: іншага пашпарта, акрамя эмігранцкага, вы не атрымаеце. І ва ўладаў сапраўды атрымалася выціснуць з краіны процьму людзей. 

Чаму адны ідуць у дысыдэнты, а іншыя — не

Па прафесіі я псіхатэрапеўт, і ў мяне ёсць такі агульны давер да людзей, перакананне, што людзі ў чымсьці падобныя. Першая думка, якая прыйшла мне да галавы — вельмі наіўная, але я тут сяджу як дзіця дысідэнткі, дык буду наіўнай. Думаю, што тым, хто калабаруе, бракуе інфармацыі. Калі б яна ў іх была…

Натуральна, перакананні вельмі важныя. Мне цяжка пра гэта разважаць, бо я ў гэтым нарадзілася, і мне было ясна, што гэта найлепшае, што можа быць, што свабода — важнейшая за ўсё. Астатняе можна нагнаць, калі чалавек унутрана свабодны.

Процьма людзей насамрэч нічога не рабіла і тым самым падтрымлівала рэжым. Я на іх не крыўдую, бо я не была ў іхняй шкуры — відаць, яны сапраўды баяліся.

У любым выпадку, усё залежыць і ад таго, наколькі рэжым гвалтоўны. Страх — гэта добры інструмент улады. Нават страх за тое, што будзе з маімі дзецьмі, калі яны праз мяне не змогуць вучыцца ва ўніверсітэце, што мы будзем есці, натуральна, як мы можам рэалізоўвацца. Але шмат што залежыць і ад каштоўнасцяў.

 

Пасля Пражскай вясны барацьба чэхаў працягвалася больш за 20 гадоў

Я думаю, што ў людзей было адчуванне, што ў гэтым ёсць сэнс, што нават калі рэжым трымаўся, яны ўсё адно хацелі, ці нават мусілі гэта рабіць. Мама мусіла, бо яна не магла інакш.

Я думаю, што збольшага — і менавіта гэта мяне турбуе ў краінах з жорсткімі рэжымамі — ролю грала супольнасць. Гэта была выключная супольнасць. І магчымасць працаваць з імі надалей была вялізнай перавагай. Там была салідарнасць. 

Калі кагосьці арыштоўвалі, іншы прыходзіў на яго месца, бо той жа сядзіць. Людзі каардынаваліся паміж сабой і ў выніку дасягнулі таго, чаго хацелі.
Можа, гэтую важную ролю адыграў Вацлаў Гавэл, але заўсёды трэба было ўсё называць сваімі імёнамі і трэба было ведаць, якая ў нас мэта і якія сродкі. У петыцыях гэта заўсёды было добра сфармуляванае. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі