Падлячыўся — пакурыў: "Табакерку" паставілі проста на выхадзе з паліклінікі

Табакерка за некалькі метраў ад паліклінікі і аптэкі ў мікрараёне Сокал / ТГ-канал Антона Матолькі
Табакерка за некалькі метраў ад паліклінікі і аптэкі ў мікрараёне Сокал / ТГ-канал Антона Матолькі

Кіёск "Табакерка" з'явіўся пару дзён таму за некалькі крокаў ад увахода ў паліклініку №3 у мінскім мікрараёне Сокал. Ну а што? Усё лагічна: паправіў здароўе ў паліклініцы — купі цыгарэт.


Не можа быць

Як гэта наогул атрымалася? У адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Мінска, да якой належыць Сокал, Еўрарадыё расказваюць, што ўсталяванне "Табакеркі" побач з паліклінікай не ўзгаднялі.

— Адміністрацыя дае месца размяшчэння, імаверныя пляцоўкі, дзе яны могуць быць размешчаныя. Таксама мы ўзгадняем месца размяшчэння, калі прыходзіць дакументацыя на афармленне зямельнага ўчастка. Каля паліклінікі — я такога не памятаю. Можа быць, да мяне давалі дазвол, — кажа намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віталь Мікуловіч. — Мы па Сокале сёлета не давалі згоды на адвод зямельнага ўчастка пад усталяванне гэтага кіёска. Ні вуснага, ні пісьмовага дазволу ставіць там гэты кіёск не было. Звяртайцеся ў ЗАТ "ЭНЕРГА-ОІЛ".

Крыніца Еўрарадыё ў кампаніі "ЭНЕРГА-ОІЛ" прытрымліваецца іншага пункту гледжання на сітуацыю. Яна кажа, што дазвол на ўстаноўку "Табакеркі" каля паліклінікі выдадзены Мінгарвыканкамам у 2019 годзе і адміністрацыя Кастрычніцкага раёна не можа быць не ў курсе.

— Як гэта "пытанне не ўзгаднялася"? Вось перада мной ліст ляжыць ад 2019 года з дазволам паставіць па вуліцы Барамзіной, 12а. Нам гэта ўсё дадзена ў адпаведнасці з рашэннем гарвыканкама.
 

Атрымліваецца, "Табакерка" каля паліклінікі нічога не парушае?

Аказваецца, дакументаў, якія б дакладна рэгламентавалі ўсталяванне "Табакерак", не існуе. Інакш кажучы, фармальна нішто не забараняе паставіць тытунёвы кіёск за два крокі ад увахода ў паліклініку або за сто метраў ад дзіцячага сада, як у вёсцы Аксакаўшчына пад Мінскам.

— Ёсць вусная ўстаноўка кіраўніцтва Мінгарвыканкама, дзе былі раней агавораны ўмовы па ўсталяванні гэтых аб'ектаў. Але ніякага закона альбо палажэння, дзе яны могуць усталёўвацца, а дзе не могуць, — такога не існуе.

Адміністрацыя дазволу не давала, але "Табакерка" матэрыялізавалася. Чараўніцтва нейкае?

— Ды якое чараўніцтва? Ну людзі прыехалі і ўсталявалі, я так разумею.
 

"Табакеркі" ўсё роўна будуць усталяваныя

У жыхароў Мінска "Табакеркі" выклікаюць шмат негатыву. Хтосьці незадаволены прапагандай курэння, хтосьці абураецца праз тое, што кіёскі блізкага да Лукашэнкі бізнесмена Аляксея Алексіна ўсталёўваюцца там, дзе іншым гандляваць забаранілі. Вулічныя мастакі бачаць у "Табакерках" адзін з сімвалаў цяперашніх беларускіх уладаў і вандаляць іх усімі магчымымі спосабамі, а грамадзянскія актывісты складаюць супраць іх петыцыі.

Подлечился — покурил: “Табакерку” поставили прямо на выходе из поликлиники
Размаляваныя "Табакеркі" ў Мінску / Еўрарадыё

Віталь Мікуловіч не разумее, што выклікае абурэнне людзей. На яго думку, нічога страшнага ў гэтым няма.

— Вам што, перашкаджае гэты кіёск? Дайце людзям працаваць, супакойцеся вы ўжо з гэтымі "Табакеркамі". "Табакерка" ж цяпер прадае не толькі цыгарэты — там і шакалад прадаецца, і кава. Ніхто ж вас не прымушае, напрыклад, пайсці ў краму, купіць гарэлкі і напіцца. Крамы ў нас на кожным кроку, каго яны правакуюць? Алкаголікаў? Курэц жа ўсё роўна знойдзе пункт і купіць.

Чыноўнік кажа, што "Табакеркі" ўсё роўна будуць усталяваныя — нягледзячы на супрацьдзеянне.

— Мы ім [кампаніі "ЭНЕРГА-ОІЛ". — Еўрарадыё] і так ужо не ўзгадняем месцы ў нейкіх паясах: паліклінікі, дзіцячыя сады і школы. Але ўказ прэзідэнта ёсць, і там прапісана канкрэтная колькасць пляцовак. І яны ўсё роўна яго рэалізуюць, вось у чым пытанне.

— Як такой забароны на размяшчэнне "Табакерак" няма, гэта рэкамендацыі. Дый у нас жа тытунь прадаюць у крамах, крамы знаходзяцца побач з дзіцячымі ўстановамі, са школамі, — падтаквае калегу першая намесніца старшыні камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама Алена Сухадолава. — Чым вылучаецца тая "Табакерка"? Хто курыць — той купіць тытунь і ў краме, і ўсюды.

Подлечился — покурил: “Табакерку” поставили прямо на выходе из поликлиники
Пасланне нейкаму Аляксандру Рыгоравічу на "Табакерцы"

Прадстаўніка "ЭНЕРГА-ОІЛ" "Табакерка" побач з паліклінікай таксама не бянтэжыць. Зрэшты, ён кажа, што кампанія гатовая пайсці насустрач людзям.

— Там побач стаіць кіёск "Белсаюздрука". Яны таксама, як і мы, прадаюць цыгарэты. Я не думаю, што там ёсць нейкае пытанне. Маё меркаванне, што не трэба нікуды прыбіраць. Але калі скаргі ад людзей паступаюць, то мы разбяромся. Кампанія цяпер паінфармаваная, і калі там рэальнае пытанне ад людзей — ніякіх праблем, перамесцім. Звяртайцеся ў студзені.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі