Паэзія — дама раўнівая, можа сказаць: “Ідзі ты!”. Але пакуль займаюся палітыкай

Паэзія — дама раўнівая, можа сказаць: “Ідзі ты!”. Але пакуль займаюся палітыкай

Літаратурнымі чытаннямі ў Купалаўскім скверы Уладзімір Някляеў адзначае сваё 70-годдзе і адначасова прэзентуе новую кнігу “Толькі вершы”. У імпрэзы апроч юбіляра бяруць удзел Зміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі. Менавіта з гэтай нагоды пісьменнік завітаў у студыю Еўрарадыё і распавёў, чаму не хоча быць дзяржаўным паэтам і мець нешта агульнае з “гэтай дзяржавай”, чым малады паэт Някляеў адрозніваецца ад Някляева сталага, на чым зарабляў вялікія грошы і ці павіншаваў яго Лукашэнка.

Слухаць размову цалкам:

10 самых яркіх цытат з размовы

— Калі мне было дваццаць гадоў, я думаў, што старэйшыя людзі ад мяне нешта ўтойваюць. Нешта такое, што яны пра гэтае жыццё ведаюць, але не хочуць нікому казаць. Каб мы самастойна блыталіся ў гэтым жыцці і блыталі ніткі лёсу. Цяпер я ведаю, што гэта не так.

— Калі Бог пакінуў табе здольнасць пісаць вершы да сталага веку, у іх з’яўляецца тое, чаго ў маладосці не было. І я не маю на ўвазе толькі майстэрства: да яго дадаецца разуменне таго, чаго не разумеў у маладосці. Можа, гэта мудрасць, можа, досвед.  

— На песнях я зарабляў прыстойныя грошы — на аўтарскіх адлічэннях за вершы да песень. Аўтарскія выплачваліся за выкананне маіх песень не толькі ў філармоніях, але і ў рэстаранах, і за гэтыя грошы можна было някепска жыць. Але я меў уменне ад грошай вельмі хутка пазбаўляцца і зусім пра гэта не шкадую.

— Няма больш несумяшчальных рэчаў, чым паэзія і палітыка. І я здзіўляюся, што гэтыя два заняткі ў мяне нейкім дзіўным чынам сумяшчаюцца. Але апошнім часам асцерагаюся: паэзія — дама раўнівая і можа сказаць: “Ідзі ты!” Але пакуль яна гэтага не кажа, і толькі таму я працягваю займацца палітыкай.

— Увогуле ўлада, шукаючы нейкую нацыянальную ідэю, пераблытала дзяржаву з айчынай. Дзяржава можа быць сёння адна, а заўтра іншая, таму хай яны са сваёй дзяржавай і сваімі ўзнагародамі носяцца, а я буду жыць са сваёй айчынай.

— Віншаванняў з юбілеем ад Лукашэнкі я не чакаў. Больш за тое, я ўпэўнены, што недазвол прэзентаваць маю кнігу ў Купалаўскім скверы ідзе з самага верху. А на самым версе — ён.

— Нічога я ад гэтай улады не чакаю. Яна, улада, антынацыянальная, а я — паэт нацыянальны. І выйсце з гэтай супярэчнасці толькі адно: ці сыходзяць яны, ці сыходжу я.

— Тое, што людзям сёння літаратура без патрэбы, выдумляюць тыя, каму ад гэтай краіны не патрэбна нічога, акрамя таго, што яны могуць ад яе схапаць.

— Не лічу літаратурныя чытанні, што пройдуць у Купалаўскім скверы, мерапрыемствам. А тым больш несанкцыянаваным. Гэта літаратурныя чытанні. Якія з таго часу, як быў у скверы пастаўлены помнік Купалу, сталі традыцыйнымі. Там выступалі ў дні юбілеяў сваіх і Танк, і Куляшоў, і Панчанка, і маладыя паэты. І ніхто ніколі, у самыя рэпрэсіўныя савецкія часы, не прасіў на гэта дазволу.

— Я не ведаю, як людзі сябе адчуваюць у 70 гадоў, бо ў мяне гэта ўпершыню. І так сябе трэба адчуваць ці не так, я не ведаю.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі