Паганяйла: Кіраўнік дзяржавы наўрад ці прыслухаецца да грамадства

120316 Paganiajla s.mp3

Еўрарадыё: Як пасля рашэння Аляксандра Лукашэнкі могуць развівацца падзеі? Ці акрэслена, калі могуць прывесці прысуд у выкананне?

Паганяйла: Так. Нормы такія ёсць. Яны замацаваныя ў кодэксе аб выкананні пакаранняў. Пакаранне можа быць здзейсненае на працягу двух месяцаў ад вырашэння пытання аб памілаванні. На жаль, сёння мы не маем якіх-колечы юрыдычных інструментаў, каб паўплываць на гэтую сітуацыю. Можна прасіць кіраўніка дзяржавы вярнуцца яшчэ раз да пытання аб памілаванні, можна праводзіць акцыі салідарнасці і патрабаваць не здзяйсняць гэтай меры пакарання, праявіць гуманнасць, не ўчыняць забойства ад імя дзяржавы, не рабіць нашага грамадства больш жорсткім. Але адрасат, да якога мы можам звярнуцца, наўрад прыслухаецца да поглядаў грамадства.

Еўрарадыё: Цягам двух месяцаў?..

Паганяйла: На працягу двух месяцаў.

Еўрарадыё: То бок, тэарэтычна нават праз гадзіну…

Паганяйла: Так. Вядома, у нас застаецца яшчэ надзея, што Камітэт па правах чалавека прыме пад разгляд індывідуальныя скаргі ў дачыненні да Кавалёва, ягонай маці. Працэдуру распачалі, як я ведаю. Але з іншага боку я ведаю і тое, што нават атрымаўшы просьбу не выконваць выраку, наш урад усё ж такі расстрэльваў сваіх грамадзянаў. Гэта наогул жудасная практыка, якую аніяк нельга прызнаць цывілізаванаю. Гэта наўпрост сведчыць пра тое, што нашыя кіраўнікі не хочуць супрацоўнічаць з міжнароднымі ўстановамі гэтаксама і ў галіне правоў чалавека. 

Еўрарадыё: Любоў Кавалёва сказала, што наогул не разумее, як Лукашэнка прыняў такое рашэнне, калі яшчэ не падалі нагляднай скаргі ў Вярхоўны суд. Чым можа дапамагчы такая наглядная скарга ў Вярхоўны суд, што, зрэшты, і вынес вырак?

Паганяйла: Рэч у тым, што рашэнні выракі, прысуджаныя Вярхоўным судом па першай інстанцыі, паводле нашага закону нельга канстытуцыйна абскардзіць. Гэта таксама норма карна-працэсуальнага заканадаўства, што супярэчыць і канстытуцыі і міжнародным нормам у галіне правоў чалавека. Тым не менш такая практыка ёсць.  Таму чакаць, калі будзе разгледжаная наглядная скарга, – такія юрыдычныя механізмы не замацаваныя ў нашых законах, якія б гарантавалі грамадзянам, што ў дачыненні да іх не будуць прымяняць такія лютыя меры пакарання, як расстрэл, ажно будзе ізноў перагледжаны вырак, ці разгледжаная скарга парадкам нагляду. Парадак нагляду сам сабою вельмі неэфектыўны, бо той не вядзе да безумоўнага перагляду выраку. Можна нават не даследаваць матэрыялаў справы, а проста даць фармальны адказ і на гэтым усё.

Еўрарадыё: Але што можа быць у гэтай нагляднай скарзе?

Паганяйла: У скарзе нагляду перш за ўсё аспрэчваюцца высновы, выкладзеныя ў выраку. Там можна спрачацца аб доказах, аб недаходжанні віны, аб недастатковасці тых доказаў, што былі прад’яўленыя і даследаваныя на судзе. Аб супярэчнасці доказаў, аб тым, што суд не ўлічыў нейкіх акалічнасцяў, што не дазволілі б прызнаць тых асобаў вінаватымі. Можна ўказаць акалічнасці, паводле якіх зацікаўленыя асобы аспрэчваюць выключную меру пакарання ў выглядзе расстрэлу. Але само ўказанне на тое, што камітэт не разгледзеў яшчэ індывідуальных скаргаў, не з’яўляецца сур’ёзным аргументам, каб унесці пратэст. Бо паводле нагляднай скаргі, мы перш за ўсё патрабуем унесці пратэст на вырак як незаконны. Больш за тое, у нас няма механізму рэалізоўваць тыя рашэнні, што прымае камітэт па індывідуальных скаргах грамадзянаў. Дарма, што і канстытуцыя, і заканадаўства гарантуюць права грамадзянаў звяртацца ў міжнародныя арганізацыі.

Еўрарадыё: Як выглядае лёс асуджанага пасля адмовы памілаваць яго?

Паганяйла: Сама працэдура прывядзення вышэйшай меры пакарання ў выкананне ў нас вельмі лютая і дзікая. Сваякам не паведамляюць пра час пакарання смерцю.  Самі асуджаныя таксама не ведаюць, калі вырак будзе прыведзены ў выкананне. Яны могуць знаходзіцца ў камеры смяротнікаў, і аднойчы іх проста вывядуць з камеры і расстраляюць. Не выдаюць цела сваякам, каб тыя маглі справіць абрады хаўтураў, паводле тых рэлігійных і нацыянальных традыцый, што ў нас ёсць. Не выдаюць рэчаў, не кажуць нават пра дату выканання выраку. Высылаецца адно даведка блізкім сваякам аб выкананні выраку і потым на падставе гэтай даведкі органы ЗАГСу выдаюць пасведчанне аб смерці. У ім прапісаная таксама прычына смерці: прывядзенне выраку ў выкананне, расстрэл.

Еўрарадыё: То бок, ніякіх механізмаў паўплываць на сітуацыю не засталося і ніхто нават не дазнаецца, ці асуджаныя яшчэ жывыя?

Паганяйла: Так. Пасля вырашэння пытання аб памілаванні спатыкацца са сваякамі ўжо не даюць, ліставанне спыняюць. І ані сваякі, ані блізкае атачэнне, сябры не ведаюць, што з гэтымі людзьмі, калі будзе дата расстрэлу – усё застаецца таямніцаю. Нават сама працэдура гэтая прызнаная Міжнародным камітэтам па правах чалавека парушэннем артыкулу сёмага Пакту аб грамадзянскіх і палітычны правах. Не толькі ў дачыненні да расстраляных, але і перш-наперш да іх сваякоў, якія вельмі церпяць цераз адмову пахаваць сваіх крэўных. І гэтага нецывілізаванага спосабу нашае кіраўніцтва не хоча выпраўляць.

Еўрарадыё: У навінах з’явілася здагадка, што ўлады могуць расстраляць асуджаных 11-га красавіка на гадавіну выбуху ў метро. Ці ўлады пойдуць на такі тэатр?

Паганяйла: Нашыя ўлады могуць пайсці на любы тэатр, таму што ўсё залежыць ад волі аднаго чалавека. Ён чалавек неадэкватны, шмат ягоных рашэнняў ірацыянальныя. Ён не кіруецца агульнацывілізацыйнымі філасофскімі падыходамі, каб рабіць дзяржаўнае дзела, а насупраць – укараняе акрутнасць, укараняе непрыняцце стандартаў еўрапейскай цывілізацыі. Мы ведаем, што адзіная еўрапейская краіна, што стасуе смяротнае пакаранне – гэта Беларусь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі