“Пакуль Расія ці ЕС даюць грошы, Беларусь не будзе выконваць абавязкаў”
Чаму Беларусь адмаўляецца ад дыялогу з Еўропай і да чаго можа прывесці эканамічнае супрацоўніцтва з Расіяй? Пра гэта разважаюць польскія і беларускія эксперты
Беларусь не зацікаўленая праграмай “Дыялог па мадэрнізацыі”, якая была ініцыявана Еўрасаюзам паўгода таму. Такія высновы можна зрабіць са словаў амбасадара Беларусі ў Бельгіі Андрэя Еўдачэнкі. Паводле амбасадара, Мінск мае да Бруселя шэраг прэтэнзій:
“Еўрасаюз парушыў умовы па сумеснай з Беларуссю падрыхтоўцы праграмы. Другім пунктам было тое, што праграма будзе накіравана на органы дзяржкіравання Беларусі і на ўсё беларускае грамадства. Ніводная з гэтых умоў не была выканана Еўрасаюзам”.
Пасля падзей 19 снежня 2010 года фактычна замарожаным аказаўся і ўдзел Беларусі ва “Усходнім Партнёрстве”. Таксама Беларусь не была ўключаная ў працы парламенцкай асамблеі усходняга партнёрства “Еўранэст”.
Беларускім уладам не патрэбны дыялог з Еўропай, але і еўрапейскія палітыкі больш імкнуцца захаваць свой твар, чым развіваць двухбаковыя адносіны, сцвярджае эксперт Цэнтра Усходніх даследаванняў Каміль Клысінскі.
Каміль Клысінскі: “Я схіляюся да вываду, што на дадзены момант Лукашэнка не зацікаўлены ў тым, каб дамовіцца з Захадам ці ўзнавіць дыялог. Ён ведае, што не зможа выканаць патрабаванні ЕС. Ён стараецца не эскалаваць канфлікт, каб не пагражаць экспарту нафтапрадуктаў, які з’яўляецца галоўным у адносінах Мінска з ЕС”.
Падтрымкай беларускага рэжыму з боку Крамля дае беларускім уладам магчымасць карыстацца расійскімі грашыма, і нічога не даваць узамен, лічыць Валерыя Касцюгова з мінскага Агенцтва палітычнай экспертызы.
Валерыя Касцюгова: “Зараз Расія выставіла максімум патрабаванняў, якія Беларусь узялася выконваць. Але калі ўзгадаць кантэкст, у 2001-м годзе новы расійскі ўрад прывёз пакет папер, якія Беларусь падпісала і пад якія атрымала шмат крэдытаў. Прайшоў час, аказалася, што фактычна ніякія з абавязкаў не выконваюцца. Бо пакуль рускія даюць грошы, зусім не абавязкова выконваць абавязкі. Грошы ці абавязкі. Тое ж самае датычыцца і стасункаў з Еўропай”.
Сапраўды, усходні сусед Беларусі не патрабуе вызвалення палітвязняў і не ўздымае тэму дэмакратыі, як гэта робіць Еўрасаюз. Тым не менш пазітыўныя эканамічныя рэформы могуць прыйсці як раз з Расіі, якая нядаўна ўступіла ў СГА, кажа Валерыя Касцюгова:
“Зменяцца часткова мытныя тарыфы, зменяцца ўмовы на расійскім рынку. І гэта прымусіць мяняць эканамічную палітыку. Бо папярэднія фінансавыя схемы перастануць працаваць”.
Аднак эксперт адзначае, што эканамічныя і палітычныя змены не заўсёды звязаныя, таму палітычная сітуацыя, у адрозненне ад эканомікі, можа наадварот пагоршыцца.