“Пакуль ср* цаглінамі”: беларусы — пра адмену палётаў “Белавія”

Самалёт "Белавіі" / фота: Раман Пратасевіч
Самалёт "Белавіі" / фота: Раман Пратасевіч

“Квіткі ў Варшаву на 8 чэрвеня. Пакуль ср* цаглінамі. Быццам бы Польшча афіцыйна яшчэ паветра не закрыла, але гэта пытанне дзён ці нават гадзін”.

“Купленыя квіткі ў Кіеў на 18 чэрвеня. Пакуль чакаю паведамлення”.

“Квіток на 9 ліпеня ў Франкфурт. Нямеччына пакуль нічога не забараняла. Чакаю, што будзе далей. У Белавію датэлефанавацца немагчыма!”

Беларусы, якія на бліжэйшую будучыню запланавалі палёты за мяжу, разумеюць, што планы давядзецца мяняць. Пасля пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair з Раманам Пратасевічам на борце шэраг замежных авіякампаній аблятае тэрыторыю нашай краіны. Забарона лётаць над ёй ўводзіцца і на ўзроўні дзяржаў: з поўначы 26 мая цалкам спыняе авіязносіны з Беларуссю Украіна.

Беларускі нацыянальны авіяперавозчык "Белавія" на момант публікацыі гэтага матэрыялу вымушаны быў адмяніць палёты ў Літву, Вялікабрытанію і Францыю. І здаецца, гэта толькі пачатак.

Якія меры прымае "Белавія"? Ці вяртаюць грошы за ўжо набытыя квіткі? Як кампанія наогул інфармуе пасажыраў пра адмененыя рэйсы?  

Святлана — беларуская студэнтка з нямецкім відам на жыхарства — распавядае Еўрарадыё, што толькі ўчора спрабавала датэлефанавацца ў беларускую авіякампанію не менш за 10 разоў. Сёння тэлефон даведачнай службы таксама не адказвае.

"Нязручнасці, вядома, так! Але сітуацыя такая, што ў многіх усё нашмат горш, чым у мяне. Так што перажыву я гэтыя нязручнасці, толькі б сітуацыя ў краіне памянялася", — разважае дзяўчына на тэму поўнай адмены паездкі ў Германію.

Кампанія на сваім сайце пацвярджае, што праца іх даведачнай службы моцна ўскладнена:

"У сувязі з прыпыненнем выканання рэйсаў у шэраг краін колькасць зваротаў у інфармацыйна-даведачную службу авіякампаніі ўзрасла. Час чакання адказу аператара можа быць павялічаны.

У сітуацыі, якая стварылася, авіякампанія робіць усё, што ад яе залежыць, каб кожны пасажыр атрымаў адказ на пытанне, якое яго цікавіць. Калі ласка, не перасылайце паведамленне паўторна — аператар разгледзіць Вашу заяўку ў парадку чаргі".

На сайце кампаніі ў раздзеле "Навіны" пакуль што згадваецца спыненне палётаў у Літву, Вялікабрытанію і Францыю. Пра забарону палётаў з боку Украіны яшчэ ні слова.

Маўчыць "Белавія" і пра тое, што пасля афіцыйнага адабрэння ўчарашняга рашэння міністрамі замежных спраў Еўрасаюза іх самалётам не будзе дазволена лятаць у любую краіну Еўрасаюза.

У прыватным парадку рашэнне не лётаць над Беларуссю ўжо прынялі наступныя авіякампаніі:

- скандынаўская SAS;

- кіпрская Avia Solutions;

- польская LOT;

- вугорская Wizzair;

- латвійская airBaltic;

- фінская Finnair;

- французская Air France;

- японская All Nippon Airways.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі