Палітолаг: Апазіцыйныя кандыдаты гуляюць па правілах Лукашэнкі

Эксперт па беларускіх справах польскага Цэнтра усходніх даследаванняў Каміль Клысінскі распавёў Еўрарадыё, як будуць складвацца адносіны з Расіяй пасля выбараў, ці стане Лукашэнка сталым партнёрам ЕС і ці гатова Еўропа закрыць вочы на выбары, каб супрацоўнічаць эканамічна.
Еўрарадыё: Некаторыя аналітыкі кажуць, што існуе шанец правядзення сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў у 2 турах. Наколькі гэта верагодна, на Вашу думку?
Каміль Клысінскі: Лукашэнка можа імітаваць шмат рэчаў, нават дазволіць дэбаты ў прамым эфіры. Кандыдаты будуць спрачацца адзін з адным, а гэта нават паспрыяе іміджу Лукашэнкі і павялічыць неразбярыху ў галовах выбаршчыкаў. А вось магчымасць другога туру я ўвогуле выключаю. 
Па-першае, Лукашэнка ніколі не дапусціць сітуацыі, у якой ён будзе выглядаць слабым, будзе вымушаны змагацца з кімсьці ў другім туры. Ён галоўны гулец, ён дамінуе на сцэне палітычнай, а рэшта – гэта толькі фон. Да таго ж набліжаюцца святы. У такой атмасферы я не ўяўляю сабе ніякага другога туру. 
Еўрарадыё: То бок вы лічыце, што нікога з апазіцыйных кандыдатаў у прэзідэнты не варта нават браць пад увагу ў сёлетняй кампаніі?
Каміль Клысінскі: Насамрэч апазіцыйныя кандыдаты граюць па правілах Лукашэнкі. А ў яго вельмі просты і няхітры план. Дапускаючы да прэзідэнцкай гонкі шмат кандыдатаў, ён стварае хаатычны вобраз у галовах беларускіх выбаршчыкаў. Пакуль беларусы прызвычаяцца выбіраць паміж рознымі кандыдатамі супраць улады, павінны прайсці гады. Шмат хто хоча зменаў, гэта бачна і па сацыялагічных даследаваннях і па тым, як праходзіў збор подпісаў, але гэта яшчэ не значыць, што у іх сфарміраваліся нейкія погляды і яны могуць выбраць нейкую з 9 прапаноў для сябе. Частка электарату можа проста разгубіцца.
Апазіцыйныя выбаршчыкі, якіх і так няшмат, рассейваюцца. Паводле даследаванняў НІСЭПД, іх колькасць складае 26-30% адсоткаў. Зараз ёсць 9 кандыдатаў, ну няхай да самога галасавання дойдзе 5, гэты электарат і так будзе моцна разбіты. Тое, што апазіцыя не здолела абраць адзінага кандыдата – гэта вялікая памылка. Тым больш, што сёлета узровень незадаволенасці грамадства з розных рэчаў значна вышэй, чым у 2006 годзе. І гэта можна было б выкарыстаць. Іншая справа – што гэтага не зрабілі. 
“У апазіцыйным лагеры паўстае новая палітычная сіла”
Еўрарадыё: Ці эфектыўная агітацыя, якую праводзяць апазіцыйныя кандыдаты? Наколькі сучасныя перадвыбарчыя кампаніі можна зараз назіраць у Беларусі?
Каміль Клысінскі: Рэальна бачна, што шмат хто з кандыдатаў грунтаваўся на тым, што няма шанцаў на сапраўдную палітычную барацьбу. Тады застаецца магчымасць заняцца самарэкламай, звярнуць на сябе ўвагу людзей, пазмагацца за будучыя фінансавыя сродкі, за донараў, за актывістаў. Апазіцыя больш засяродзілася на ўнутранай барацьбе, чым на тым, каб рэальна змагацца з Лукашэнкам.
Аднак варта адзначыць кампанію “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева. Абстрагуючыся ад розных тэорый яго “прарасійскасці” і фінансавання Крамлём, яго кампанія з прафесійнага пункту гледжання, бачна, што гэта новая якасць у Беларусі. Высокая арганізацыйная культура, здольнасць да дзеяння у спалучэнні з высокім узроўнем фінансавання стала прычынай таго, што гэтая кампанія праходзіць эфектыўна. 
Звярніце ўвагу, ад лютага да лістапада гэтага года ступень распазнавальнасці гэтай кампаніі перасягнула да 20%. Гэта добры вынік. Ды і папулярнасць самога Някляева, чалавека не звязанага з палітыкай раней, паводле дадзеных НІСЭПД складае амаль 17%. Гэта сведчыць пра нешта. Калі гэтая кампанія і далей будзе такой жа эфектыўнай, то я бачу перспектыву паўстання ў Беларусі новай палітычнай сілы ў лагеры беларускай апазіцыі. 
“Пасля выбараў будзе горача”
Еўрарадыё: Як будзе ставіцца да выбараў Расія? Наколькі магчымая сітуацыя, што Расія не прызнае іх вынікі?
Каміль Клысінскі: Увогуле, магчымыя 2 варыянты. Першы можна назіраць цяпер – гэта павелічэнне ціску, інфармацыйныя атакі, спробы загнаць Аляксандра Лукашэнку ў тупік. У Расіі такі план – або прымусіць Лукашэнку саступіць, публіцыстычна выражаючыся, “паставіць яго на калені”. Або давесці да наменклатурнага перавароту у краіне і такім чынам зрынуць нязручнага лідэра. Элементам гэтай гульні было б непрызнанне выбараў.
Другі варыянт - Расія можа “змякчыць” сваю палітыку ўзамен на саступкі Лукашэнкі. Я маю на ўвазе падпісанне дакументаў, неабходных для стварэння супольнай гаспадарчай прасторы паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам. Тэрмін ратыфікацыі гэтых дакументаў – да канца снежня. Аднак падпісваючы іх, Лукашэнка абмяжоўвае сваю эканамічную суверэннасць, што скажацца і на палітычнай самастойнасці.
Гэта сапраўды цяжкі выбар для Лукашэнкі. Назіраючы за ім шмат гадоў, я схільны прагназаваць, што ён будзе трымацца да канца і супрацьстаяць патрабаванням Расіі. У выніку расійскі ціск будзе толькі мацнейшы. Варта чакаць ад Расіі вострай крытыкі пасля выбараў, аднак калі б Расія іх не прызнала ўвогуле, то гэта б азначала канец усіх сустрэч на ўзроўні Лукашэнка-Мядзведзеў, Лукашэнка-Пуцін. 
Хутчэй за ўсё, Расія будзе крытыкаваць самі выбары, але без факту фармальнага непрызнання. То бок нешта накшталт таго, што цяпер можна пабачыць на лініі Мінск-Брусель. Брусель не прызнаў перамогу Лукашэнкі ў 2006 годзе, але нягледзячы на гэта, у 2008 годзе аднавіў дыялог. Некаторыя кіраўнікі Еўрасаюза нават сустракаюцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Таму такі варыянт магчымы і з Расіяй.
Еўрарадыё: А што чакае Беларусь і беларусаў пасля выбараў? Ці нешта зменіцца?
Каміль Клысінскі: Будзе “горача”, асабліва “горача” будзе на вышэйшых узроўнях улады. Перад намі працяг расійска-беларускай канфрантацыі, перад намі таксама новыя перспектывы супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю. Аднак найбольш падзеяў варта чакаць на лініі Мінск-Масква. 
Што тычыцца грамадства, то тут змены заўсёды значна больш павольныя і складаныя. Але здаецца, беларусы паволі пачынаюць асвойвацца з думкай, што ўлада ў іх краіне калісьці зменіцца. Усё больш асобаў хоча гэтага, але мала хто ведае, як гэта зрабіць і хто стане на чале, тым больш што апазіцыя не можа зрабіць беларусам ні адной выразнай прапановы.  
“Лукашэнка атрымае новую выгадную прапанову ад ЕС”

Еўрарадыё: Якую ролю Еўрасаюз адыгрывае ў сёлетняй кампаніі? Ці ЕС неяк уплывае на дзеянні Аляксандра Лукашэнкі?
Каміль Клысінскі: Карты здае Расія. Чым мацней яна націскае, тым больш Лукашэнка патрабуе падтрымкі Еўрасаюза, як палітычнай (каб мець магчымасць манеўру ў адносінах з Расіяй), так і эканамічнай, інвестыцыйнай. Лукашэнка разумее, што чым лепш ён зараз будзе імітаваць дэмакратыю, тым больш магчымасцяў ён атрымае потым. Гэта мы і назіраем: рэгістрацыя шматлікіх кандыдатаў, агітацыя, хоць і далёка ад цэнтраў гарадоў, але тым не менш, выступы кандыдатаў па тэлебачанні і радыё, дэбаты ў жывым эфіры. Усе гэтыя рэчы ствараюць уражанне “дэмакратычнасці”.
А Еўрасаюз, у сваю чаргу, большага ад яго і не чакае. З выказванняў палітыкаў і кіраўнікоў Еўрасаюза вынікае, што калі Лукашэнка выйграе (а ў гэтым не трэба нават сумнявацца) і зробіць гэта без жорсткіх рэпрэсій і моцнага ціску на апазіцыю, а таксама без вельмі відавочных сур’ёзных парушэнняў падчас выбараў, то супрацоўніцтва з ім працягнецца.
Еўрарадыё: То бок ён атрымае абяцаныя польскім міністрам замежных спраў Радаславам Сікорскім 3 мільярды долараў?
Каміль Клысінскі: Я маю на ўвазе не гэта. 3 мільярды долараў, пра якія ішла гаворка падчас аднаго з візітаў у Мінску, гэта агульная прапанова, гэта сродкі з розных крыніцаў, з розных фондаў. Гэтыя грошы ЕС прапаноўвае Мінску за правядзенне “ў меру дэмакратычныя выбары”.
Зусім іншая справа – гэта план падтрымкі рэформаў, які Еўрасаюз прадставіць Беларусі ў студзені-лютым наступнага года. Пакуль гэты план знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Яго мэта – схіліць беларускія ўлады да правядзення рэформаў – палітычных, гаспадарчых і грамадскіх. На гэта ЕС выдзеліць спецыяльныя грашовыя сродкі, але якім будзе гэты бюджэт пакуль не вырашылі. 
І Еўрасаюз гатовы прыняць “імітацыю дэмакратыі” і забыцца пра сапраўдныя дэмакратычныя каштоўнасці дзеля супрацоўніцтва з Беларуссю?
Еўрасаюз мае ўласную філасофію. Еўропа глядзіць на працэсы і не чакае, што з дня на дзень у Беларусі будзе дэмакратыя. Для ЕС галоўнае – гэта крокі па паляпшэнні ў пэўных сферах: напрыклад, у доступе апазіцыйных кандыдатаў да СМІ, магчымасць удзелу ў кампаніі. І гэта ёсць – мы маем 9 альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў. 
Істотная справа таксама празрыстасць працы выбарчых камісій, але тут узнікаюць праблемы. Камісіі засталіся пад поўным кантролем беларускіх уладаў. Толькі 0,3% сябраў камісій складаюць прадстаўнікі апазіцыі, іншым не дазволілі. Але ў той жа час многія забываюцца пра тое, што калі б у камісіі ўключылі ўсіх ахвотных прадстаўнікоў апазіцыі, то гэтая лічба была б 1,5%. Факт, што беларуская апазіцыя мае слабы патэнцыял і недастатковую колькасць кадраў, тлумачыць у пэўным сэнсе пазіцыю Еўрасаюза. Але безумоўна, гэта не вызваляе Лукашэнку ад захоўвання дэмакратычных прынцыпаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі