Палітвязень Пачобут пагадзіўся пакінуць РБ у выпадку вызвалення — Rzeczpospolita

Акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута

Акцыя ў падтрымку Анджэя Пачобута / PAP

Палітвязень Анджэй Пачобут пагадзіўся пакінуць Беларусь у выпадку вызвалення, піша газета Rzeczpospolita. Пра гэта выданню распавяла Анжаліка Борыс, якая сустракалася з ім яшчэ ў красавіку (дазвол атрымала пасля таго, як напісала ліст Аляксандру Лукашэнку). Паводле слоў Борыс, Пачобут пагадзіўся пакінуць РБ на яе просьбу. "Анджэй выглядаў вельмі дрэнна. У мяне сэрца сціснулася", — кажа Анжаліка Борыс. Паводле яе слоў, ён сказаў так: "Калі ты лічыш, што так трэба паступіць, так зраблю". Усё гэта яна яшчэ вясной расказала прэзідэнту Польшчы. Цяпер жа вырашыла выказацца з-за таго, што некаторыя палітыкі заяўляюць пра адмову Анджэя Пачобута пакідаць Беларусь.

Борыс была кіраўніцай непрызнанага ўладамі РБ Саюза палякаў. Пасля затрымання вясной 2021-га яна адмовілася выехаць у Польшчу. Была ў зняволенні, а пасля пад хатнім арыштам. У красавіку 2023-га крымінальную справу, распачатую на Анжаліку Борыс, спынілі.

Анджэй Пачобут — адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў Беларусі. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га журналіста абвінавацілі ў "распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце" — так улады ацанілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра задушэнне беларускіх пратэстаў у 2020-м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне. Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у "закліках да санкцый" і ў "распальванні сацыяльнай варожасці". КДБ РБ дадаў яго ў “Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”. Палітвязню прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі