Палітвязень: Сваруся, калі кажуць, што ўсе мянты кончаныя
Гісторыя адной адседкі: "Калі б у сістэме не засталося добрых людзей, я б не выцягнуў ШІЗА" / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Палітвязень Дзмітрый Абрамук зайшоў у камеру штрафнога ізалятара ў адной кофце і штанах. Там ужо сядзела пяць чалавек — усе ў цёплых куртках і фуфайках. Дзмітрыю курткі не далі.
За свой тэрмін ён прабыў у ШІЗА больш за тры месяцы.
— Я трапіў туды за надуманыя парушэнні. Але цягам гэтага этапу майго жыцця мне сустракаліся і сапраўды годныя супрацоўнікі, якія ставіліся да мяне лаяльна, пры гэтым не парушаючы сваіх абавязкаў. Я памятаю кожнага, але не буду апублічваць іх, бо яны патрэбныя такім, як я, на сваіх месцах.
Я не вінавачу іх за тое, што яны не выкідаюць свае пасведчанні і не бягуць у Польшчу. Хай лепш яны на сваім месцы застаюцца нармальнымі людзьмі. Без іх я б маральна не выцягнуў.
За першыя трыццаць сутак у ШІЗА ён схуднеў на 20 кілаграмаў.
— Дрэнна кармілі? — пытаем мы.
— Шмат нерваваўся, — адказвае Дзмітрый. — Мяне палохалі, маўляў, усё, ты адсюль не выйдзеш. А ў мяне тады толькі ўсё пачыналася з дзяўчынай — спатканняў яшчэ не было, толькі размовы ў куце па тэлефоне. Я перажываў, што не развітаўся з ёй, што не развітаўся з бацькамі — і не ведаў, што будзе далей.
А далей зноў было ШІЗА. Дзмітрый кажа, што ніхто з ПУАТ не ездзіў у ШІЗА так часта, як ён. Абрамук правёў там 110 дзён са снежня да красавіка. Перапынак — толькі на суды.
— Але мне вельмі шанцавала на людзей. Так, там ёсць і добрыя людзі, якія ўсё разумеюць. І мне іх на маім шляху траплялася вельмі шмат. Нармальныя хлопцы, выдавалі мне большы матрац, дазвалялі даўжэй пагрэцца ў душы. Душ у ШІЗА можна адзін раз на тыдзень. Але хтосьці дазваляў пастаяць пад вадой пяць хвілін, а хтосьці — паўгадзіны, каб адагрэў пад гарачай вадой гэтыя косткі.
Порцыі там маленькія, і ты заўсёды галодны. Але прадольныя [супрацоўнікі ізалятара, чые пасты знаходзяцца побач з камерамі зняволеных, у калідоры] бачылі, што я сяджу ўжо доўга, і дазвалялі ўзяць больш хлеба. Гэта дапамагала. Часам, калі заставалася катлета, аддавалі мне гэтую лішнюю катлету.
Цыгарэты давалі, напэўна, рызыкуючы сваімі прэміямі. І калі кіраўніцтва "хіміі" пра гэта даведалася, мяне пачалі вазіць у іншы ізалятар у горад Гарадок. Але і там мне сустрэліся добрыя людзі. Без іх я б маральна не выцягнуў ШІЗА.
З ШІЗА Дзмітрый выходзіў толькі для таго, каб з'ездзіць у суд. У выніку суд замяніў абмежаванне на пазбаўленне волі, і Дзіма паехаў у Наваполацк — у калонію №1.
— Калі этапавалі ў калонію, на даглядзе рэчаў падкінулі "мойку" ў красовак. Мойка — гэта лязо, якое дастаюць са станка для галення. Праз гэта мяне зноў адправілі ў ШІЗА, у "падвал". Мабыць, каб перад калоніяй не было нават магчымасці пакурыць або выпіць гарбаты.
Ужо ў калоніі Дзмітрыя адпраўлялі ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу. Але там, кажа брастаўчанін, было ўжо не так цяжка, як у ШІЗА.
— У ШІЗА мне было складана маральна, бо я не ведаў, што з маёй дзяўчынай, не ведаў, як мая мама, як бабуля і дзядуля. А ў ПКТ я ведаў галоўнае: з калоніі мяне выпусцяць 22 красавіка. І ад гэтага мне было спакайней.
А яшчэ там можна было чытаць кнігі — дазвалялі браць адну на тыдзень. Бярэш самую тоўстую, усё роўна, хто напісаў, і тыдзень чытаеш. І можна легальна курыць. На прагулцы, калі змена добрая, даведаешся навіны — прыемныя ці не. І з гэтымі навінамі ходзіш увесь дзень — разважаеш, думаеш.
Навіны з Украіны
— Пра вайну гавораць часта?
— Не тое каб адкрыта. Ну, вось вядуць цябе курыць або ў медчастку, а ты па дарозе пытаеш: што там ва Украіне? Табе расказваюць: зноў мірныя жыхары загінулі. Сутнасць нашай размовы заўсёды такая: лепш мір, чым вайна. І яны гэта разумеюць, і ўсе яны баяцца вайны. І суперажываюць смерцям.
Ёсць дэгенераты, якія сабе на партфельчык ці пенал літару "Z" лепяць, але гэта да моманту, калі такому аўтамат дадуць у рукі. Ён смелы, пакуль у бяспецы сядзіць і алкаголікаў ганяе палкай. А так патрыятызм знік бы хутка.
Дакладна ведаю, што ў пачатку 2023 года ўсім супрацоўнікам ПК-1 выдалі па рэчмяшку. Усім: ад найніжэйшых да найвышэйшых. І тады ў курылцы яны таксама абмяркоўвалі вайну.
Дзмітрый упэўнены, што менавіта праз такі аўтарытэт сярод іншых зняволеных у яго і не заладзіліся стасункі з кіраўніцтвам установы.
— Начальнік ПУАТ-9 Мачэча бачыў ува мне пагрозу і стараўся наладзіць кантакт. Ён вельмі хацеў сябраваць са мной. І не раз у асабістых гутарках казаў пра тое, што можа працаваць адзін і яго супрацоўнікі "не найлепшыя" — гэта я цяпер вельмі карэктна сказаў. І за паўгода нагаварыў многае — скардзіўся мне на людзей, з якімі працуе.
Усе гэтыя паўгода ў мяне была "зялёная бірка" — то-бок мне было дазволена практычна што заўгодна. Хіба што ў краму нельга было пайсці без канвою і працаваць мне не давалі.
Я тады шмат чытаў, сядзеў у інтэрнэце — тэлефон быў дазволены. І спорт быў дазволены: я дамовіўся з Мачэчам перанесці спартзалу ўнутр памяшкання, каб можна было займацца нягледзячы на надвор'е — ён дазволіў.
Але потым адносіны з начальствам разладзіліся. У нашай мінулай размове Дзмітрый казаў, што паўплывалі на гэта яго адносіны з супрацоўніцай ПУАТ, якія тады яшчэ толькі пачыналіся. Тады ён вырашыў, што дамоўленасці яму больш не патрэбныя, і вырашыў паказаць, што не баіцца начальніка "хіміі".
— Ён казаў, што зломіць мяне, і называў гэта "гульнёй". І ён жа зрабіў мне рэпутацыю гэтым стаўленнем. І нічога не дамогся. І ён гэта ведае. І будзе гэта чытаць.
Нядаўна ў адным з паблікаў "Вконтакте", які ён дакладна чытае, я напісаў: "Гульня працягваецца. Ваш бчбшнік".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.