Палітвязень Юрый Рубцоў абвясціў галадоўку

22 студзеня абвясціў галадоўку грамадскі актывіст Юрый Рубцоў, асуджаны ўвосень 2014 года за абразу суддзі.

Як перадае БелаПАН, Рубцоў паставіў уладам два патрабаванні. Ён патрабуе даць яму працу са штомесячным заробкам у 600 долараў. Ён нагадвае, што такі заробак два гады таму абяцаў як сярэдні па краіне Аляксандр Лукашэнка. Таксама ён патрабуе даць апазіцыі штодзённы эфір на дзяржаўных тэлеканалах.

Нагадаем, што Рубцоў атрымаў вядомасць тым, што прыходзіў на акцыі ў майцы з апазіцыйнымі лозунгамі, таму атрымаў мянушку "Чалавек у майцы". Увосень 2014 года Рубцова прызналі вінаватым у абразе суддзі суда Савецкага раёна Мінска Кірыла Палулеха, які судзіў яго пасля акцыі "Чарнобыльскі шлях" 28 красавіка 2014 года ў Мінску. На судзе Рубцоў абвінаваціў беларускіх суддзяў у тым, што яны выносяць патрэбныя ўладзе рашэнні супраць грамадска-палітычных актывістаў.

6 кастрычніка 53-гадовага Рубцова прысудзілі да двух з паловай гадоў абмежавання волі у папраўчай установе адкрытага тыпу. З улікам амністыі тэрмін пакарання быў скарочаны да паўтара года.

Рубцоў адбывае пакаранне ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэстчыны. У такіх установах асуджаным мусяць прадастаўляць пастаянную працу, каб яны маглі утрымліваць сябе самі. Аднак у Рубцова пастаяннай працы пакуль няма.

Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі