Палітвязня — інкасатара "Белгазпрамбанка" асудзілі на 4 гады калоніі

Ян Папковіч і яго жонка Настасся / Асабісты архіў Папковічаў / Медыязона
Ян Папковіч і яго жонка Настасся / Асабісты архіў Папковічаў / Медыязона

Чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі палітзняволенаму Яну Папковічу, паведамляюць праваабаронцы.

Папковіч — былы інкасатар "Белгазпрамбанка" і экс-спецназавец. Яго справу разглядалі ў Мінскім гарадскім судзе. Суддзя Вера Галаўкова прызнала Яна вінаватым паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і ч. 1 арт. 13 і ч. 1 арт. 361-3 КК (падрыхтоўка да ўдзелу ва ўзброеным фармаванні на тэрыторыі замежнай дзяржавы).

Як распавядала Еўрарадыё, масавыя затрыманні групы інкасатараў "Белгазпрамбанка" адбыліся на пачатку верасня 2022 года. Ян звольніўся з працы і збіраўся з жонкай Настассяй і братам Алесем пераехаць у Польшчу. Наяпэдадні выезду яго арыштавалі байцы групы "Альфа". Падчас затрымання хлопцы моцна збілі, а яго сабаку паранілі стрэлам.

На судзе Ян сваю віну не прызнаў. Адзін са сведкаў на судзе заявіў пра ціск з боку следства і паведаміў, што "ён падпісваў усё, што скажуць».

У якасці доказаў віны Папковіча фігуравала яго прыватная перапіска з жонкай, а таксама перапіска з сябрамі, якія, паводле следства, служаць ва Украіне ў палку Каліноўскага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі