У "Белгазпрамбанку" прайшлі масавыя затрыманні інкасатараў
У "Белгазпрамбанку" адбыліся масавыя затрыманні інкасатараў, піша сайт zerkalo.io.
Паведамляецца, што 6 верасня сілавікі затрымалі 10-11 супрацоўнікаў інкасатарскай службы. Большасць з іх цяпер знаходзяцца на Акрэсціна.
"Усіх абвінавацілі ў непадпарадкаванні міліцыі і далі па 14 сутак", — распавёў журналістам чытач сайта.
Супрацоўнік "Белгазпрамбанка" ананімна пацвердзіў гэтыя звесткі. Па яго словах, затрыманні былі даволі жорсткія, аднаму з затрыманых нібыта за супраціў зламалі плячо ці руку. Дома ў іх адбыліся ператрусы.
Прычыны затрымання супрацоўнік банка дакладна не ведае: "У нас толькі ўрывачныя звесткі. Быццам бы за абразу Лукашэнкі ва ўнутраным чаце. Кажуць, хтосьці зліў іх перапіску".
Сярод затрыманых называюць і начальніка службы інкасацыі банка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.