Палітзняволеная Вольга Маёрава можа цалкам страціць зрок

Вольга Маёрава

Вольга Маёрава / БЕЛТА

Палітзняволеная Вольга Маёрава можа цалкам страціць зрок. У яе катаракта, рубцы, пагроза поўнай слепаты. Маёрава звярталася па дапамогу, але медыцынская частка калоніі адмовіла ў лячэнні. А праз статус "тэрарысткі" жанчыне не перадаюць лекі і медыцынскія бандэролі ад родных. Пра гэты жахлівы факт піша прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Зазулінская. Яна звярнулася да міжнародных партнёраў, праваабаронцаў, СМІ і неабыякавых беларусаў і беларусак.

"У беларускіх турмах працягваецца мэтанакіраванае знішчэнне людзей, — гаворыцца ў звароце Зазулінскай. — Праз пазбаўленне медыцынскай дапамогі, катаванні і ізаляцыю іх даводзяць да стану, калі жыццё вісіць на валаску. Асабліва цяжкая сітуацыя ў Вікторыі Кульшы, Алены Гнаук і Вольгі Маёравай, і мы не маем права адварочвацца ад іх пакут".

Кульша ўжо тройчы асуджаная па артыкуле "злоснае непадпарадкаванне", перажыла дзве спробы суіцыду, тры галадоўкі, у яе цяжкія праблемы з ныркамі. У 2024-м палітзняволеная трымала сухую галадоўку. На мінулым тыдні да яе выклікалі рэанімацыю, бо яна ўжо не можа ўстаць на ногі.

Гнаук адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні. Са студзеня 2025 года ёй далі 20 сутак у ШІЗА і паўгода ў ПКТ. У палітзняволенай цяжкія крывацёкі, звязаныя з праблемамі са страўнікам, а дапамога ёй не аказваецца.

Вольга Зазулінская падкрэслівае, што гэта не проста парушэнне правоў чалавека, а катаванні і павольныя забойствы. "Мы патрабуем ад рэжыму ў Беларусі тэрміновых дзеянняў па аказанні медыцынскай дапамогі ўсім палітвязням. І мы патрабуем жорсткага міжнароднага рэагавання на тое, што адбываецца з жанчынамі ў турмах Беларусі", — піша прадстаўніца АПК.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.