У палітзняволенай Вікторыі Кульшы маглі адмовіць ныркі — Шарэнда-Панасюк

Паліна Шарэнда-Панасюк / DW
У папраўчай калоніі №24 жахлівыя ўмовы, заявіла былая палітвязняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк па прыездзе ў Вільню. Яна параўнала гэтую калонію з жывадзёрняй.
"Там засталася Вольга Маёрава, там засталася Алена Гнаук, там засталася Вікторыя Кульша. Сітуацыя ў гэтых людзей катастрафічная. Яны ўсе ў штрафным ізалятары і памяшканні камернага тыпу", — пералічыла Паліна палітзняволеных жанчын, якія адбываюць тэрмін у гэтай калоніі.
Паводле яе інфармацыі, у палітзняволенай Вікторыі Кульшы маглі адмовіць ныркі, бо яна трымала галадоўкі "месяцамі", "адмаўлялася ад ежы і вады, яна рэзала сабе вены ў ШІЗА, яна адмаўлялася ад дапамогі медыкаў".
Вікторыя Кульша была адміністратарам тэлеграм-канала "Кіроўцы 97%", яе затрымалі ў лістападзе 2020-га. Жанчыне прысудзілі два з паловай гады пазбаўлення волі, а потым яшчэ двойчы судзілі, дадаючы тэрмін.
Штрафны ізалятар калоніі Паліна Шарэнда-Панасюк назвала склепам з катавальнымі ўмовамі. Былая палітзняволеная паведаміла, што за ўвесь 2023 год яна была на вуліцы толькі восем дзён, увесь астатні час яе трымалі ў ПКТ і ШІЗА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.