Палякі не ўдзельнічалі ў Халакосце

Палякі не ўдзельнічалі ў Халакосце

У чацвер а другой гадзіне ночы Сенат — верхняя палата польскага парламента — прыняў закон, прапанаваны Інстытутам нацыянальнай памяці, у якім “злачынствы ўкраінскіх нацыяналістаў” прыроўніваюцца да злачынстваў камуністаў і нацыстаў, а публічнае, не пацверджанае фактамі, прыпісванне польскаму народу ці дзяржаве адказнасці за злачынствы ІІІ Рэйху будзе карацца штрафам ці зняволеннем да трох гадоў.

Польскія гісторыкі і палітыкі не першы год дамагаюцца, каб у замежных СМІ і публікацыях, у першую чаргу амерыканскіх, не ўжываўся тэрмін “польскія лагеры смерці”, бо тое, што канцлагеры знаходзіліся на тэрыторыі акупаванай Польшчы, не робіць іх польскімі.

Ізраіль баіцца новай трактоўкі гісторыі Халакосту

На змены закона рэзка адрэагаваў Ізраіль, які не аспрэчвае, што “лагеры смерці” не былі польскімі, аднак, як агучыла пазіцыю краіны яе амбасадар у Польшчы  Анна Азары, “урад Ізраіля намагаецца захаваць поўную свабоду ў абмеркаванні Халакосту, каб пазбегнуць скажэнняў”.

Дыпламатычнай мовай ізраільскі бок спрабуе давесці, што хаця лагеры смерці і былі нацысцкімі, генацыд у дачыненні да габрэяў ажыццяўляўся не толькі немцамі. Ацалелыя ахвяры Халакосту маюць розны траўматычны досвед. Былі выпадкі, калі  палякі пад страхам смерці адмаўлялі габрэям у дапамозе. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў Дзень памяці ахвяр Халакосту падкрэсліваў, што такое маладушша  — адказнасць адзінак, а не ўсяго народа.

Пакуль ізраільскі парламент выказаў гатоўнасць у адказ на польскі закон прыняць законапраект, паводле якога змяншэнне ролі палякаў у Халакосце будзе прыраўноўвацца да злачынства. А прэм’ер міністр Ізраіля Беньямін Нетаньяху гатовы адклікаць амбасадара з Польшчы.

Кошт крызісу адносін з Ізраілем для Польшчы можа быць высокі, бо яе асноўны саюзнік – ЗША — схіляецца на ізраільскі бок.

Тым часам, як паведамляе польскае выданне “Газета выборча”, прадстаўнікі кіроўнай партыі “Права і Справядлівасць” перад прыняццем закона больш баяліся рэакцыі Украіны, чым Ізраіля. 

Украіна занепакоеная, што Польшча маніпулюе яе гісторыяй

Аднак Украіна рэагуе больш стрымана: яе МЗС выказала глыбокую занепакоенасць тым, што “ўкраінская тэматыка чарговым разам выкарыстоўваецца ва ўнутранай палітыцы Польшчы”, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка заявіў, што закон пярэчыць духу польска-ўкраінскага дыялогу.

Аглядальніца ўкраінскага выдання “Еўрапейская праўда” Алена Бабакова распавяла Еўрарадыё, што калі афіцыйны Кіеў стараецца быць карэктным у сваіх выказваннях, то грамадскасць патрабуе сіметрычнай  рэакцыі:

“Кіраўнік украінскага Інстытута нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч заявіў, што прыняцце закона спыніць дыялог польскіх і ўкраінскіх гісторыкаў. Святаслаў Шарамет, гісторык, сакратар камісіі па эксгумацыі і пахаваннях, прапанаваў украінскаму парламенту прызнаць польскую акупацыю Заходняй Украіны ў 1918–1939 гг. і асудзіць злачынствы, якія палякі здзейснілі ў дачыненні да ўкраінцаў цягам ХХ стагоддзя”.

Пасля прыняцця закона парламентам прэзідэнт Польшчы мае 21 дзень на яго падпісанне. Калі б закон быў прыняты некалькі гадоў таму, то пад крымінальную адказнасць трапіла б нават нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. Падчас творчай сустрэчы ў Брукліне ў 2016 годзе  пісьменніца заявіла, што палякі горш за ўсіх ставіліся да габрэяў”. Закон адваротнай сілы не мае, але відавочна, што такія выпадкі і натхнілі цяперашнія польскія палітычныя эліты на яго стварэнне.

Сапраўды, з 51 краінаў свету Польшча займае першае месца па колькасці людзей, якія атрымалі тытул Праведніка свету ад мемарыялу Халакосту Яд ва-Шэм, — 6620 чалавек. У Беларусі колькасць Праведнікаў у дзесяць разоў меншая — 618 чалавек, хаця, паводле гісторыкаў, падчас Халакосту загінула да 800 тысяч беларускіх габрэяў. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі