Папа Францішак узнагародзіў бізнесоўца, які лічыцца “кашальком Лукашэнкі”
Аляксандр Зайцаў / TUT.by
Папа Францішак узнагародзіў беларускага бізнесоўца Аляксандра Зайцава тытулам рыцара Ордэна святога Грыгорыя Вялікага, піша ТГ-канал "Хрысціянская візія".
Гэта найвышэйшая ўзнагарода, якую Святы Сталец дае свецкім асобам. Яна была заснаваная ў 1831. Узнагарода даецца за “вайсковыя ці цывільныя заслугі ў падтрымцы пачынанняў Апостальскай Сталіцы”.
Зайцаў стаў першым у гісторыі Беларусі чальцом гэтага папскага Ордэна. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі асвяціў рэгаліі і прыняў прысягу ад новага кавалера яшчэ на пачатку лістапада 2022 года. У мерапрыемстве ўдзельнічалі ксяндзы Ігар Лашук са Стоўбцаў і Юрый Жэгарын з Навагрудка. На афіцыйных каталіцкіх парталах пра падзею не паведамлялася.
Аляксандр Зайцаў лічыцца "кашальком Лукашэнкі". Раней быў яго памочнікам, а таксама дарадцам прэм'ер-міністра пры Сяргеі Сідорскім. Паводле некаторых звестак, таксама быў памочнікам Віктара Лукашэнкі. Сярод яго бізнэсаў самым вядомым з’яўляеца Sohra Group, зарэгістраваная ў ААЭ. Разам з Мікалаем Вараб’ём і Аляксеем Алексіным валодае кампаніяй “Брэміна груп”. Пэўны час валодаў брэсцкім футбольным клубам "Дынама". Шмат гадоў уваходзіць у топ-100 найбольш паспяховых і ўплывовых бізнэсмэнаў Беларусі.
У чэрвені 2021-га Зайцаў і яго кампаніі трапілі ў "чорны спіс" ЕС, а таксама шэрагу іншых краін. Пасля нападу Расіі на Украіну Зайцаў таксама трапіў пад санкцыі ЗША.
Заслугі Зайцава перад Каталіцкай царквой не называюцца. У "Хрысціянскай візіі" мяркуюць, што ён фінансава падтрымліваў некаторыя каталіцкія праекты. Верагодна, гаворка ідзе пра рамонт касцёла ў Навагрудку.
Ксёндз Ігар Лашук згадаў, што Зайцаў падтрымаў перэгрынацыю фігуры святога Міхала Арханёла, якая пачалася ў 2018 годзе. У 2020-2021 гадах ксёндз Лашук актыўна ездзіў з гэтай фігурай па касцёлах Беларусі і арганізоўваў малітвы дзеля хутчэйшага развязання грамадска-палітычнага крызісу.
Сёлета святар ездзіў з гэтай фігурай уздоўж беларуска-ўкраінскай мяжы. “Чыталі экзарцызмы, каб дэман вайны пакінуў Крэмль. (…) Маліліся, каб палітыкі былі палітыкамі, а не галаварэзамі”, — напісаў тады Лашук. А неўзабаве пасля гэтага на яго пачалі адміністрацыйную справу за распаўсюд “экстрэмісцкага кантэнту”. Святара аштрафавалі на 960 рублёў (30 базавых велічыняў).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.