Пасля хапуна і збіцця ў жыхара "Плошчы Перамен" развілася лімфома
"Плошча Перамен" / Еўрарадыё
"Я адчыніў дзверы. Мяне паклалі на падлогу. Білі дубінкамі ў жывот, па спіне, па галаве", — расказвае Еўрарадыё 43-гадовы жыхар дома на "Плошчы Перамен" Сяргей. 15 лістапада мужчына схаваў у сябе ў кватэры некалькі чалавек, якія прыйшлі на акцыю памяці забітага мастака Рамана Бандарэнкі. Сілавікі знайшлі іх. Сяргея збілі і аштрафавалі.
Цяпер Сяргей праходзіць хіміятэрапію — лекары кажуць, што лімфома магла развіцца на глебе стрэсу ад перажытага. Мужчыну патрэбныя грошы на лячэнне.
Гэта было страшна
"У той дзень на плошчы сабралася вельмі шмат народу, — успамінае Сяргей. — Наогул я выходзіў на мітынгі, але тады назіраў за тым, што адбывалася, з акна. Спачатку было ўсё спакойна. Потым прыехалі сілавікі, пачалі разганяць і затрымліваць людзей. Я ўбачыў, як некалькі хлопцаў і дзяўчат забеглі ў наш пад'езд, і ўпусціў да сябе дваіх хлопцаў і дзвюх дзяўчат".
Па пад'ездзе хадзілі амапаўцы і шукалі тых, хто схаваўся. Некалькі гадзін госці сядзелі ціха, размаўлялі шэптам. Тэлевізар быў выключаны.
Позна ўвечары адна з дзяўчат вырашыла рызыкнуць і паехаць дадому. Але сілавікі да таго часу па дамах яшчэ не раз'ехаліся. Яны спынілі яе і прымусілі прызнацца, у якой кватэры была.
"Да нас пачалі ламацца, — працягвае Сяргей. — Тузалі за ручку, пастаянна званілі ў званок, стукалі нагамі, раўлі: "Мы выламаем дзверы!" Я адчыніў, таму што не сумняваўся, што так і зробяць. "Усім ляжаць! Сюды!" — крычалі яны. Мяне паклалі на падлогу".
У кватэру ўварваліся сямёра сілавікоў — "хтосьці з дубінкамі, хтосьці са зброяй". Усіх, акрамя яго жонкі, павезлі ў Цэнтральнае РУУС:
"Усё гэта, на самай справе, было страшна. У асноўным білі пры затрыманні і калі "грузілі". Пастаянна піхалі і раўлі, калі вялі нас у міліцыю. Калі павольна ідзеш або павольна рэагуеш, тыкалі дубінкамі. У РУУС крычалі: "Куды лезеце?!" Мне казалі, што я наогул сяду і надоўга. У выніку склалі пратаколы, судзілі па артыкуле 23.34 і выпісалі мне штраф на 540 рублёў".
Лімфома на глебе стрэсу
На наступны дзень пасля таго, што здарылася, Сяргей адчуў моцную слабасць і звярнуўся па дапамогу. Яго экстранна шпіталізавалі, абследавалі і выявілі злаякасную пухліну. Па словах мужчыны, раней ніякіх недамаганняў ён не адчуваў, "са здароўем было ўсё ў парадку". Ён расказаў пра гэта лекарам, і тыя выказалі здагадку, што хвароба развілася на глебе стрэсу.
"Я шмат гадоў займаўся абслугоўваннем электрычных сістэм на адным прадпрыемстве, але цяпер ужо не працую, — кажа мужчына. — У найбліжэйшы час уладкавацца на працу не змагу ў сувязі з дыягназам. Наперадзе доўгае лячэнне, а ў мяне пакуль нават няма магчымасці аплаціць штраф".
Па словах Сяргея, на лекі і далейшае аднаўленне яму неабходна сабраць 3000 рублёў. Як гэта зрабіць, не працуючы, ён не ўяўляе.
Лекары кажуць, што шанц на выздараўленне ў мужчыны ёсць. Калі хто-небудзь з чытачоў хоча і можа падтрымаць жыхара "Плошчы Перамен", пішыце яму ў тэлеграм: @razambel.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.