Пасля размовы кіраўнікоў МЗС Ірана і Беларусі на радзіму вярнулі трох мігрантаў

Іранскія мігранты на беларуска-літоўскай мяжы / twitter.com/darushmemar​
Іранскія мігранты на беларуска-літоўскай мяжы / twitter.com/darushmemar​

Пасля тэлефоннай размовы міністраў замежных спраў Ірана і Беларусі тры іранскія мігранты вярнуліся на радзіму, паведамляе выданне BBC Persian са спасылкай на МЗС Ірана.

Размова кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін адбылася днямі. Паведамлялася, што кіраўнік МЗС Ірана Хасэйн Амір Абдалахіян папрасіў беларускага калегу Уладзіміра Макея дапамагчы іранскім мігрантам, якія затрымаліся на беларуска-літоўскай мяжы. Гаворка ішла пра групу з 13 чалавек. Хасэйн Амір Абдалахіян тады заявіў, што Тэгеран сур'ёзна заклапочаны станам сваіх грамадзян.

За некалькі дзён да гэтай размовы іранская актывістка Сара Лагмані расказвала ў Twitter, што пошукам іранскіх грамадзян займаецца генконсул амбасады Ірана ў Беларусі. Ён асабіста выехаў на беларуска-літоўскую мяжу. Пры гэтым яна вельмі крытычна выказалася пра стаўленне да мігрантаў беларускіх сілавікоў. "Да д'ябла беларускую паліцыю за тое, што яна ўвесь час гвалтоўна выцясняе іх, а ў нас няма месца для іх", — напісала Сара Лагмані.

Сярод 13 іранскіх мігрантаў, пра якіх гаварылі міністры дзвюх краін, ёсць музыка і мастак, які збег з турмы Ісламскай Рэспублікі. На радзіме яго могуць пераследаваць. Такое развіццё падзей раней дапускаў палітолаг Аляксандр Фрыдман.

"Калі многія выхадцы з Ірака, Лівана і іншых блізкаўсходніх краін накіраваліся ў ЕС па лепшае жыццё, то з Ірана ў Еўропу часта бягуць праціўнікі фундаменталісцкай дыктатуры", — нагадваў ён. Для гэтых людзей, па словах Фрыдмана, вяртанне ў Іран можа мець сур'ёзныя негатыўныя наступствы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі