Пасля трагедыі з нованароджаным у Салігорску пакаралі супрацоўнікаў радзільні

Радзільня №5, ілюстрацыйнае фота

Радзільня №5, ілюстрацыйнае фота / TUT.by

У студзені ў дзвюх беларускіх радзільнях адбыліся трагедыі з нованароджанымі. Мінздароўя накіроўвала праверкі ў абедзве клінікі. Вынікі праверак паспрабавалі даведацца журналісты сайта "Зеркало" як прыватныя асобы.

Як распавядала Еўрарадыё, жыхарка Салігорска Дар'я Дэйлід скардзілася, што яе сын атрымаў цяжкую ступень асфіксіі і трапіў у рэанімацыю. Яна абвінаваціла дактароў у халатнасці. Мінчанка Кацярына Сухарукава расказала, што яе нованароджаная дачка памерла ў сталічнай радзільні №5 ад цяжкай асфіксіі.

Каментар па салігорскай сітуацыі "Зеркало" змагло атрымаць у намесніцы старшыні Салігорскага райвыканкама Наталлі Цуба, якая "курыруе ахову здароўя". Чыноўніца заявіла, што правялі сур'ёзную працу і вінаватых пакаралі: кагосьці "перамясцілі", кагосьці "ссунулі па пасадзе".

"Стрэс быў ва ўсіх супрацоўнікаў радзільні ў тым ліку. Нам трэба было з людзьмі працаваць. Людзі былі гатовыя: "Не трэба ні зарплаты, нічога", [проста] сысці і ўсё, таму што ў поле зроку. І такі быў ціск на людзей, спецыялістаў. За памылку не павінен ўвесь калектыў пакутаваць, а атрымалася так. Часам чалавечы фактар таксама жорсткі. На жаль", — заявілі ў выканкаме.

У Салігорску паведамілі, што цяпер пацярпелы хлопчык знаходзіцца ў клініцы ў Мінску і, наколькі вядома, у яго ёсць станоўчая дынаміка.

Вынікі праверкі ў мінскай радзільні №5 па смерці дзіцяці Кацярыны Сухарукавай невядомыя, хаця на гарачай лініі клінікі кажуць, што яна ўжо завершаная.

Афіцыйных каментароў Мінздароўя ні па адным з гэтых двух выпадкаў не было.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі