Паўночныя краіны супраць удзелу спартсменаў РБ і РФ у міжнародных спаборніцтвах
Алімпіяда ў Парыжы пройдзе ў 2024 годзе / Reuters
Алімпійскія і паралімпійскія камітэты, спартыўныя канфедэрацыі Паўночных краін звярнуліся ў аўторак у Міжнародны алімпійскі камітэт з лістом. У ім яны зноў заявілі аб сваёй нязгодзе з тым, каб беларускім і расійскім спартсменам дазвалялася ўдзельнічаць у міжнародных спартыўных спаборніцтвах, у тым ліку і ў Алімпіядзе 2024 года ў Парыжы, паведамляе Reuters.
Заяву падпісалі прадстаўнікі Швецыі, Нарвегіі, Ісландыі, Даніі разам з Грэнландыяй і Фарэрскімі астравамі, Фінляндыі. Яны перакананыя, што яшчэ не прыйшоў час, каб разглядаць вяртанне беларусаў і расіян у міжнародны спорт. "Сітуацыя з вайной ва Украіне не змянілася, — гаворыцца ў заяве. — Таму мы цвёрда стаім на сваёй пазіцыі: не дапускаць расійскіх і беларускіх спартсменаў, і афіцыйных асоб да ўдзелу ў міжнародных спартыўных спаборніцтвах".
Міжнародны алімпійскі камітэт заяўляў, што працягваць поўнае адхіленне беларусаў і расіян ад міжнародных спаборніцтваў не дазваляе пазіцыя ААН наконт "дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце", а таксама "прынцыпы алімпійскага руху". Пачалося абмеркаванне варыянта з допускам беларусаў і расіян да спаборніцтваў у Азіі, каб яны там прайшлі адбор на Алімпіяду. Некаторыя краіны, а найперш Украіна, рэзка выступілі супраць, прыгразілі байкотам Алімпійскіх Гульняў.
Днямі адбудзецца сустрэча міністраў спорту 40 краін свету, якія заявяць пра сваё стаўленне да магчымага ўдзелу спартсменаў з Беларусі і Расіі ў Алімпіядзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.