Вярхоўная Рада Украіны заклікае не дапускаць спартсменаў з РБ і РФ на Алімпіяду
Зруйнаваны спартыўны аб'ект ва Украіне / https://www.facebook.com/vgytzait/
Вярхоўная Рада Украіны заклікае не дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі на міжнародныя спаборніцтвы, у тым ліку і на Алімпіяду. Зварот накіраваны Міжнароднаму алімпійскаму камітэту, нацыянальным алімпійскім камітэтам, парламентам краін, міжнародным спартыўным федэрацыям. Украінскі парламент адрэагаваў на абмеркаванні ў МАК пра магчымы допуск беларусаў і расіян да Алімпійскіх Гульняў у нейтральным статусе і пры антываеннай пазіцыі.
Вярхоўная Рада называе Беларусь і Расію "краінамі-тэрарыстамі". Падкрэслівае, што МАК "не ўлічвае вельмі жорсткі і варварскі характар вайны, развязанай Расійскай Федэрацыяй пры падтрымцы Беларусі супраць Украіны, накіраваны на генацыд Украінскага народа". Падчас вайны ўжо загінула больш за 220 украінскіх спартсменаў, амаль 500 дзяцей. У звароце нагадваецца пра зверствы расійскіх акупантаў над мірным украінскім насельніцтвам, пра варварскія абстрэлы жылых раёнаў.
Украінскі парламент лічыць, што допуск беларускіх і расійскіх спартсменаў, а таксама суддзяў падчас вайны да міжнародных спаборніцтваў "стане непрыхаванай падтрымкай гэтай вайны".
Міжнародны алімпійскі камітэт заяўляў, што працягваць поўнае адхіленне беларусаў і расіян ад міжнародных спаборніцтваў не дазваляе пазіцыя ААН наконт "дыскрымінацыі па нацыянальнай прыкмеце", а таксама "прынцыпы алімпійскага руху". Украіна і Латвія ўжо прыгразілі байкотам Алімпіяды. На 10 лютага запланаваная сустрэча міністраў спорту 40 краін свету, якія заявяць пра сваё стаўленне да магчымага ўдзелу спартсменаў з Беларусі і Расіі ў Алімпіядзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.