Павел Белавус: "Жыхары Валадаркі — гэта моцны інтэлектуальны клуб"
Заснавальнік крамы Symbal.by Павел Белавус даслаў ліст, у якім распавёў пра свой стан за кратамі.
Палітвязень паведаміў, што трымаецца бадзёра.
Навіны пра вайну Расіі супраць Украіны ён пракаментаваў так: "Гледзячы на тыя падзеі, якія адбываюцца вакол, разумею, што ізаляцыя ў турме выратоўвае шмат маіх нервовых клетак. Ну, і наогул трэба нагадаць, што Валадарка — гэта адно з нешматлікых месцаў, якое вытрымала ўсе войны і беды, якія праходзілі праз горад Мінск за апошнія 200 гадоў, якраз з моманту яе пабудовы".
Белавус заклікаў моцна не перажываць за яго, "бо ў сённяшніх умовах жыхары Валадаркі — гэта моцны інтэлектуальны клуб з пэўнымі абмежаваннямі. Але жыць можна”.
Паводле звестак @symbalby, магчыма, ужо хутка адбудзецца суд над Паўлам.
Белавуса затрымалі 15 лістапада 2021 года. Яму выставілі абвінавачванне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Удзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.