Пакаянне без яўкі. Чаму Грунова двойчы прысудзілі да смерці

24 снежня гамяльчаніна Аляксандра Грунова Гомельскі абласны суд прысуджае да смерці. Другі раз запар. Праваабаронца Леанід Судаленка наведвае абодва працэсы. Гаворыць, што яны мала чым адрозніваюцца.

“Калі гаварыць, чым адрозніваўся працэс ад папярэдняга — то амаль нічым. Правяралі яўку з пакаяннем Грунова, на падставе якой Вярхоўны суд адмяніў першы прысуд”.

Паўторны разгляд справы Грунова спатрэбіўся пасля таго, як Вярхоўны суд падчас разгляду касацыйнай скаргі ўгледзеў парушэнні, дапушчаныя гомельскімі суддзямі. Датычаць яны перадусім яўкі з пакаяннем. Аляксандра Грунова абвінавачваюць у забойстве дзяўчыны з асаблівай жорсткасцю, нанясенні ёй 102 нажавых раненняў. Пасля затрымання Груноў прызнаецца ў злачынстве, піша так званую яўку з пакаяннем, супрацоўнічае са следствам. Але на першым разглядзе справы яўка з пакаяннем не разглядаецца. Што становіцца прычынай перагляду справы ўжо іншым суддзёй. Але вырак у выніку не змяняецца, расказвае Судаленка.

“Палічылі, што паколькі ён сам не з’явіўся, а напісаў яўку з пакаяннем толькі пасля таго як яго прывезлі ў пастарунак, то гэта не была яўка. Пазіцыя адваката адваротная — што гэта менавіта яўка з пакаяннем. На судзе таксама апытвалі міліцыянтаў, якія прывезлі Грунова ў пастарунак. Яны пацвердзілі, што той яўку пісаў без прымусу і гвалту”.

Праваабаронца дадае, што, на яго думку, паўплывала на прысуд Грунову і выказванне Лукашэнкі, у якім той наступным чынам ахарактарызаваў гомельскую справу: “Калі ты, нягоднік і падонак, ідзеш і не першы раз ужо робіш злачынства, забіваеш чалавека, то якое права ты маеш жыць на гэтай зямлі? Я не крыважэрны, але адплата і пакаранне павінна быць адпаведным. Вазьміце гэта на кантроль”.

У Крымінальным кодэксе Беларусі яўка з пакаяннем акрэслена як “добраахвотнае паведамленне асобы аб здзейсненым ёй злачынстве, калі гэтай асобе яшчэ не абвешчана пастанова аб распачынанні ў дачыненні да яе крымінальнай справы, аб прызнанні падазраваным, ужыванні меры стрымання і вынясенні пастановы аб прыцягненні яе ў якасці абвінавачанага”. Юрыст і былы адвакат Тамара Сідарэнка расказвае, што на практыцы яўкай з пакаяннем часта лічаць толькі той выпадак, калі чалавек прызнацца ў злачынстве тады, калі яго яшчэ ніхто не падазрае.

“Яўка з пакаяннем у чыстым выглядзе — гэта калі чалавек прыходзіць і піша прызнанне тады, калі яшчэ ніхто нічога не ведае. А калі чалавека прывозяць у пастарунак, маюць у дачыненні да яго нейкія падазрэнні і ўжо там ён піша прызнанне — то гэта, вядома, нельга назваць яўкай з пакаяннем”.

Зараз адвакат Аляксандра Грунова рыхтуе новую касацыйную скаргу. Ізноў у Вярхоўны суд. Выпадак, калі аднаго і таго ж чалавека двойчы прысуджаюць да смерці за адно і тое ж злачынства, нават для Беларусі ўнікальны. За два месяцы паўторнага суда Грунова вярнулі ў СІЗА Гомеля, апранулі ў звычайную вопратку, ізноў дазволілі бачыцца з адвакатам і маці.

Цяпер жа Грунова чакае паўторнае вяртанне за краты СІЗА №1 Мінска і старая-новая роба з надпісам “Исключительная мера наказания”.

Фота belport.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі