Паводле "індэкса Біг Мака" долар каштуе 1792 беларускія рублі

Але каб зарабіць на Біг Мак, беларусу трэба працаваць гадзіну "Індэкс Біг Мака" быў створаны як жарт часопіса The Economist, але цяпер ён стаў сур'ёзным даследаваннем, якое паказвае кошт нацыянальнай валюты адносна долара. Так, у ЗША Біг Мак каштуе 3,57 долара. Сетка закусачных "МакДональдс" ёсць у 130 краінах свету, а склад Біг Мака і тэхналогія прыгатавання аднолькавая.

Еўрарадыё запыталася ў эканаміста Сяргея Чалага пра "індэкс Біг Мака", вось што ён гаворыць:

"Узнікла ідэя знайсці тавар, які прадаецца па ўсім свеце і вельмі стандартызаваны. Біг Мак у гэтым плане добры. І ў самім "МакДональдсе" кошты ўсіх прадуктаў прывязаныя да Біг Мака. Па кошце Біг Мака можна ацаніць рэальны абменны курс".

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў галоўным офісе "МакДональдс" у Беларусі, колькі каштуе ў нас Біг Мак і з чаго яго робяць. Аказалася, сапраўды, у нас тэхналогія такая ж, як у іншых краінах. Вось чаму ў любой краіне заходзіш у "МакДональдс" — і адчуваеш сябе, як у Мінску.

Алена, першы спецыяліст кампаніі "МакДональдс": "У нас на кожную страву ёсць тэхналагічная карта. У тым ліку на Біг Мак. У гэтай карце падрабязна прапісаныя ўсё кампаненты. Біг Мак складаецца з 9 кампанентаў: булка, мясная катлета, соль, перац, плаўлены сыр, цыбуля, салата, соўс "Біг Мак" і марынаваныя агуркі. На сённяшні дзень кошт Біг Мака 6400".

Еўрарадыё палічыла, колькі каштуе Біг Мак у доларах. Нацбанк сёння дае курс 2830. Атрымліваецца, што Біг Мак каштуе 2,26 долара — гэта на долар танней, чым у ЗША. Калі вылічыць курс долара ў Беларусі паводле "індэкса Біг Мака", атрымаем 1792 рублі.

Да дэвальвацыі Біг Мак каштаваў 2,94 долара — атрымоўваецца, што ў "баксах" ён патаннеў амаль на долар.

За самымі таннымі Біг Макамі Еўрарадыё прапануе ехаць ва Ўкраіну — 1,83 долара, ці, падалей, у Ганконг — там буцік з "МакДональдс" будзе каштаваць 1,72 долара — гэта ніжэйшы кошт.

Самыя дарагія Біг Макі ў Нарвегіі — 6,15, Швецыі — 5,98 і Швейцарыі — 5,60 долараў.

Атрымоўваецца, што "індэкс Біг Мака" паказвае, што курс заходнееўрапейскіх валют завышаны, а іншых, у тым ліку беларускай і ўкраінскай, — заніжаны.

Але, на думку эканамістаў, сур'ёзна лічыць курс рубля паводле Біг Маку няправільна.

Сяргей Чалы: "Нібыта, гэта павінна значыць, што ў нас курс мусіць быць вышэй. Не зусім карэктна параўноўваць Біг Мак у Беларусі. Чым ён добры — што там закладзеная праца вялікай колькасці людзей, камунальныя, электрычнасць. У Беларусі "МакДональдс" цалкам імпартны і амаль нічога беларускага ў Біг Маку няма. Таму карэктна будзе лічыць гэты індэкс у краінах, дзе ёсць рэсурсавыя фабрыкі".

Да Біг Мака ёсць шмат нараканняў, перш за ўсё звязаных з рознай пакупніцкай здольнасцю. Таму Сяргей Чалы прапанаваў палічыць трохі інакш:

"Швейцарскі банк UBS прыдумаў папраўку для "індэкса Біг Мака". Яны палічылі, колькі трэба працаваць сярэдняму работніку, каб купіць сабе Біг Мак".

Японцам на гэта спатрэбіцца да 10 хвілін, амерыканцам — 12, ірландцам — 15 хвілін, швейцарцам, у якіх Біг Мак адзін з самых дарагіх у свеце (5,60 долара), спатрэбіцца 15 хвілін. Даўжэй за ўсіх на Біг Мак будуць працаваць калумбійцы — 100 хвілін і кенійцы — 90.

А колькі ж трэба беларусу працаваць, каб з'есці Біг Мак — палічыла Еўрарадыё.

Згодна з дадзенымі нацыянальнага статыстычнага камітэта, сярэдні заробак беларуса ў траўні склаў 979 тысяч рублёў.

Паводле нормы працоўнага часу, ўсталяванай Мінпрацы і сацабароны для 5-дзённага працоўнага тыдня, у год сярэдні беларус працуе 2032 гадзіны. Гэта прыблізна 160 гадзінаў у месяц — 9600 хвілінаў.

Атрымоўваецца, што за хвіліну беларус зарабляе 102 рублі. Біг Мак каштуе 6400 рублёў, дзелім на 102 — атрымоўваем 63 хвіліны, якія трэба працаваць беларусу, каб купіць Біг Мак.

Дарэчы, беларус зарабляе на Біг Мак амаль ў два разы хутчэй, чым кеніец, але ў 6 раз даўжэй за японца ці швейцарца. А на свой месячны заробак можа купіць 153 Біг Макі.


Фота: dni.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі