Першамай у Еўропе: сотні затрыманых, пацярпелыя і загінулыя

Першамай у Еўропе: сотні затрыманых, пацярпелыя і загінулыя

У нядзелю, 1 мая, па гарадах Еўропы ладзіліся першамайскія дэманстрацыі. У Францыі ўдзельнікі акцыяў пратэставалі супраць рэформы працоўнага права, якую збіраюцца ўводзіць улады краіны.

“Мы лічым, што лібералізацыя рынку працы недэмакратычная, гэта не можа лічыцца прыкметай сацыяльнага прагрэсу”, — цытуе ўдзельніка акцыі на плошчы Бастыліі ў Парыжы Euronews.

Праваахоўнікі кажуць, што на вуліцы па ўсёй краіне выйшла больш за 80 тысяч чалавек, з іх 17 тысяч — у Парыжы. Мясцовыя ж прафсаюзы заяўляюць пра 70 тысяч дэманстрантаў толькі ў сталіцы.

У некаторых гарадах праваахоўнікам давялося ўжыць слезацечны газ і вадамёты. У Марсэлі было затрымана 5 чалавек, некалькіх затрымалі і ў Парыжы.

Першамай у Еўропе: сотні затрыманых, пацярпелыя і загінулыя
Пратэсты ў Марсэлі. Францыя. Фота: TAP Photo / Claude Paris

Людзі выйшлі на Першамай і ў Германіі. У Штутгарце дэманстранты выступалі супраць ксенафобіі і экстрэмізму. Каля тысячы чалавек там заблакавалі вуліцы ў раёне, дзе свой з’езд праводзіла правая кансерватыўная партыя “Альтэрнатыва для Германіі”, вядомая сваёй антымігранцкай палітыкай.

У Берліне і Гамбургу пратэстоўцы пачалі кідацца петардамі, камянямі і бутэлькамі ў паліцыю. У сталіцы некалькі чалавек атрымалі раненні, некалькіх затрымалі. Па розных ацэнках, удзел у акцыі там бралі ад 13 да 20 тысяч чалавек, у Гамбургу — каля 2 тысяч чалавек, паведамляе Deutsche Welle.

Тысячы людзей адзначалі Першамай і ў Стамбуле. Мясцовая паліцыя дазволіла ладзіць акцыю толькі каля аэрапорта. Але арганізатары-прафсаюзы заявілі, што прарвуцца на плошчу Таксім, чаго б гэта ні каштавала. Людзі трымалі транспаранты “Не фашызму ў Турцыі” і “Далоў урад Эрдагана”.

“Пасля таго як мітынг выйшаў за межы дазволенай тэрыторыі, паліцыя выкарыстала вадамёты, гумовыя кулі і слезацечны газ. Дэманстранты адбіваліся камянямі і кактэйлямі Молатава. У выніку былі затрыманыя каля 200 чалавек, 57-гадовы мужчына трагічна загінуў пад коламі вадамёта”, — паведамляюць мясцовыя СМІ.

Першамай у Еўропе: сотні затрыманых, пацярпелыя і загінулыя
Фота: rappler.com

Свята працы адзначалі дэманстрацыямі і ў 76 гарадах Іспаніі. Найбольш шматлікая акцыя ладзілася ў Мадрыдзе. Там тысячы чалавек патрабавалі павышэння заробкаў, барацьбы з беспрацоўем і паляпшэння ўмоваў працы.

Шэсці ладзіліся і ў Расіі. У Маскве на дэманстрацыю прыйшло каля 100 тысяч чалавек. А ў Пецярбургу пасля спробы ЛГБТ-актывістаў разгарнуць вясёлкавы сцяг былі затрыманыя 25 чалавек.

У Мінску ж 1 мая на плошчы Незалежнасці адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка Леніну. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел сябры Камуністычнай партыі Беларусі і БРСМ.

Першамай у Еўропе: сотні затрыманых, пацярпелыя і загінулыя
Ускладанне кветак помніку Леніна. 1 мая 2016 года. Мінск. Фота: belta.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі