Першыя беларускія самалёты плануюць сабраць да 2026 года
Гаворка ідзе пра двухматорны самалёт на 19 месцаў, ілюстрацыйнае фота
Першыя беларускія самалёты плануюць выпусціць да 2026 года, расказаў у эфіры Беларускага тэлебачання віцэ-прэм'ер Беларусі Пётр Пархомчык. Ён нагадаў, што гэта сумесны праект з Расіяй. З беларускага боку ў праекце ўдзельнічае "558-ы Авіяцыйны рамонтны завод", з расійскага — АТ "Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі".
Пархомчык расказаў, што ўжо сёння ёсць "цвёрды заказ". Першыя два самалёты мусяць быць вырабленыя да 2026 года. А да 2030 года — 85-100 штук. "Калі будзем паспяхова выконваць пастаўленыя задачы, іх можа быць і больш", — адзначыў віцэ-прэм'ер. Але спачатку трэба будзе павялічыць магутнасці завода ў Баранавічах — пабудаваць 20 тыс. м² дадатковых вытворчых плошчаў і набыць абсталяванне. Паводле Пархомчыка, гэтыя работы ўжо вядуцца.
Рашэнне пра вытворчасць у Беларусі пры падтрымцы Расіі двухматорнага лёгкага шматмэтавага самалёта было прынятае мінулым летам падчас візіту ў Екацярынбург беларускага прэм'ер-міністра Раман Галоўчанкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.