Перын дэ Брышамбо распавёў студэнтам пра Мытны саюз і мясцовыя выбары
Генеральны сакратар АБСЕ прачытаў лекцыю студэнтам БДУ
У панядзелак Мінск наведаў генеральны сакратар АБСЕ Перын дэ Брышамбо. Ён сустрэўся з кіраўніцтвам БДУ, чыноўнікамі Міністэрства замежных спраў і старшынёй Адміністрацыі прэзідэнта Ўладзімірам Макеем. Таксама дэ Брышамбо прачытаў лекцыю студэнтам галоўнай ВНУ краіны пра дзейнасць АБСЕ.
"Мы тут, каб дапамагчы, падтрымаць. І робім мы гэта бесстаронне, з роўным падыходам да ўсіх. Усе краіны ― роўныя і заслугоўваюць аднолькавую павагу пры вырашэнні розных пытанняў", ― заявіў генеральны сакратар АБСЕ на сустрэчы з навучэнцамі БДУ.
Дэ Брышамбо быў вельмі прыхільны і пазбягаў крытыкі ў бок беларускіх уладаў. Так, адказваючы на пытанне пра выбары, ён заявіў, што назіральнікі не вызначаюць, добрыя ці кепскія выбары мелі месца ў той ці іншай краіне.
Дэ Брышамбо: "Яны ніколі не кажуць: гэта былі годныя альбо нягодныя выбары. Гэта меркаванне экспертаў, якія адзначаюць, што краіна знаходзіцца на слушным шляху альбо ёй трэба зрабіць дадатковыя крокі ў той ці іншай сферы. І з майго досведу ― Беларусь вельмі гасцінная да міжнародных назіральнікаў як з гледзішча запрашэнняў, так і іх свабоды перамяшчэнняў".
Дэ Брышамбо паведаміў, што БДІПЧ АБСЕ сваіх назіральнікаў для маніторынгу мясцовых выбараў дэлегаваць не будзе, бо звычайна гэта адбываецца падчас парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў.
Дэ Брышамбо: "Звычайна мясцовыя выбары не назіраюцца. Толькі калі ёсць спецыяльнае запрашэнне ад краіны".
Запыталіся студэнты ў генеральнага сакратара і пра Мытны саюз Беларусі, Расіі і Казахстана. Пра яго дэ Брышамбо выказаўся даволі станоўча.
Дэ Брышамбо: "Мытны саюз мае добрыя перспектывы ўзаемадзеяння з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй. Гэта паспрыяе мабільнасці інвестыцый, капіталаў і тавараў, а таксама кантактам паміж людзьмі".
На падобную сустрэчу з радасцю прыйшлі навучэнцы, якія цікавяцца міжнароднай палітыкай, распавёў Еўрарадыё студэнт БДУ Павел. Паводле яго слоў, арганізацыя лекцыі была добрая ― праўда, самі студэнты маглі быць і больш актыўныя.
Павел: "Актыўнасць магла б быць і вышэй. Узровень пытанняў, якасць пытанняў былі даволі нізкія. Хацелася б, каб студэнты былі лепей падрыхтаваныя да сустрэчы такіх дэлегацый".
Глядзі таксама:
Кіраўнік Офіса АБСЕ: Я пачынаю працу з аптымізмам і верай у лепшае
Глядзі таксама:
Кіраўнік Офіса АБСЕ: Я пачынаю працу з аптымізмам і верай у лепшае
Фота: OSCE/Mikhail Evstafiev