Петля Пристрастия: Нас ніхто нікуды не кліча, але мы нікуды і не імкнёмся

У музыкаў запланаваныя канцэрты ў Тамбове, Варонежы, Ліпецку, Маскве і Санкт-Пецярбургу. Іх дэбютны альбом стаў бомбай на постсавецкай прасторы, яго назвалі “лепшым рускамоўным альбомам 2009 года”. На пачатку 2011 ў гурта выходзіць другі дыск.

Ілля: “Новы альбом – гэта палова новага матэрыялу, а другая палова – нявыдадзеныя песні. Але практычна, яны ўсе нявыдадзеныя, некалькі ходзіць па інтэрнэце, але яны будуць у новай версіі, большасць песень ужо выконвалася на канцэртах. Ён будзе нагадваць зборнік маіх навукова-фантастычных расказаў. Першы альбом быў выкананы, на маю думку, адсоткаў на 70. А гэты будзе на 80, як бачыце, прагрэс ёсць. Але не ведаю, калі шчыра, я сцу з нагоды другога альбома. Мне ўсе кажуць не сцаць, а я сцу!”
Басіст Цімафей Савіцкі дадае: “Ён будзе зусім іншым. Гэта іншая музыка, запісаная іншымі музыкамі, таму, у прынцыпе, усё будзе іншым. Склад гурта змяніўся, два новыя гітарысты, новы бубнач, таму там наогул шмат новых ідэй”.
Нягледзячы на тое, што ў гурта быў падпісаны кантракт з маскоўскай студыяй “Снегири” на тры альбомы, хлопцы вырашылі разарваць дамову. 
Еўрарадыё: Вы спрабавалі шукаць каго-небудзь яшчэ, хто мог альбо хацеў у вас укласці грошы?
Ілля: Заўсёды, калі гаворка пачынаецца пра пошук – апускаюцца рукі. Я не разумею, гэта куды нам трэба біцца, да якіх такіх людзей?
Цімафей: Мы – вытворцы. Задачы і мэты ў нас іншыя. Наша задача – зрабіць якасны прадукт і паказаць яго людзям, даць яго ацаніць. А гэтыя ўсе людзі з баблом узнікаюць па меры таго, наколькі якасны прадукт ты прапануеш, яны самі прыходзяць з сустрэчнай прапановай.
Еўрарадыё: Ну, вось першы кліп, па тваіх жа словах, Ілля, злілі. Ёсць планы на другі і з кім яго збіраецеся здымаць?
Ілля: Мы працуем над тым, каб здымаць другі. Але ж вядома, што папярэдні этап здымак кліпу – гэта звядзенне матэрыялу на альбом. Калі ён будзе да канца гатовы, тады пачнём рабіць кліп. Пакуль абмяркоўваем дэталі, няма яшчэ нават сюжэту, але я за тое, каб звязацца з Міхеем Насарогавым, таму што ён чалавек нетрывіяльны, і ў яго добрае пачуццё таго, што можа ўрэзацца ў мазгі.
Еўрарадыё: Ілля, ты не раз казаў, што лічыш сябе шчаслівым чалавекам, і што ўсе тэксты – смецце з тваёй галавы. Адкуль такое смецце бярэцца і ці магчыма яго неяк прыбраць?
Ілля: Гэта касмічнае смецце. У мяне дрэнная памяць, як у залатой рыбкі. Я ўвогуле не ўмею канцэптуалізаваць рэчы, таму ў галаве ў мяне заўсёды бардак, агромістая колькасць інфармацыі, якую я не ў стане структураваць. Я не супраць прыбрацца, але не ведаю, як гэта зрабіць. Ёсць вялікая колькасць людзей, якім я зайздрошчу, бо яны могуць структураваць. Гэта не творчы беспарадак, бо творчы беспарадак – гэта проста прыгожыя словы. Беспарадак у галаве – гэта хутчэй недахоп, а не нешта, што падкрэслівае блізасць да Бетховена. У астатнім, у мяне ўсе ў парадку, інакш бы не было гурта.
Еўрарадыё: У вас увогуле ёсць вера ў будучыню чалавецтва?
Ілля: Не ведаю. То ёсць вера, то яе няма, пэўна я троху нервовы. Шчасце не выключае незадаволенасці. Эрых Фром, напрыклад, казаў, што шмат хто памылкова супрацьпастаўляе шчасце і гора. А такога не бывае. Ёсць шчасце і бяздзейнасць, бо ў жыцці кожнага здараюцца трагедыі: стрэсы абавязковыя, смерць абавязковая, і пры гэтым можна быць шчаслівым. Проста сум і адчай закладзены ў чалавеку з самага пачатку. 
Еўрарадыё: А вам не хацелася напісаць пазітыўную, вясёлую песню з добрым канцом?
Ілля: Мне б вельмі хацелася напісаць такую песню, нават болей таго, вясёлы альбом, але ў мяне не атрымліваецца. Я не ўмею так пісаць, кшталту: добра было б напісаць песню пра каханне, так-так-так, што для гэтага трэба? Для гэтага патрэбны маянэз, морква і цыбуля. Зараз дастану з засекаў сваёй свядомасці і набамблю. Такога не бывае.
Еўрарадыё: Часта чуваць ад прыхільнікаў вашага гурта, што вас не хапае. У плане канцэртаў і розных вечарын. Нават складваецца ўражанне, што ў Маскве вы выступаеце часцей, чым у Беларусі. 
Ілля: Ды не, нікуды мы больш не ездзім. Але гэта пытанне тэхнічнага характару. Якая сітуацыя склалася: мы займаем нейкае дзіўнае прамежкавае месца, мы не з тымі і ні з іншымі.
Еўрарадыё: То бок вы не адносіце сябе да беларускай культурнай праслойкі?
Цімафей: Ну, глядзі, на “Рок-каранацыю” нас яшчэ ні аднаго разу не паклікалі. Мы проста нейкі свой пласт занялі. Нас ніхто нікуды не кліча, але мы нікуды і не імкнёмся.
Еўрарадыё: Сярод беларускіх пісьменнікаў ёсць секта “беларускія пісьменнікі” і “ўсе астатнія”. Першыя вельмі дбайна ставяцца да таго, што нехта хоча называцца беларускім пісьменнікам. У музыкальным асяроддзі такое есць?
Ілля: Мы ніколі не задаваліся такімі пытаннямі. Мне ўвогуле падаецца, што гэта дурны тон, пры ўсім багацці інфармацыі, займаць чый-небудзь бок. Гэта вялікае глупства і інфантылізм. 
Цімафей: У мяне такі погляд, што беларускія пісьменнікі бачаць у гэтым для сябе палітычны аспект. Калі ты не пішаш па-беларуску, ты не патрыёт, ты не за нас і не з намі. У музыцы іншая сітуацыя, я лічу, што тут трэба быць касмапалітычным. Мова мае даволі другараднае значэнне ў музыцы. У нашых песнях ,у прыватнасці, больш важна перадаць нейкае пачуццё ўнутранага свету, перажыты досвед. Таму тут не ў мове справа. Мы заклікаем да эмацыйных перажыванняў, а не да нейкай палітычнай самасвядомасці.
Еўрарадыё: Але вы пазіцыянуеце сябе як беларускі гурт. Наколькі кантэкст таго, пра што вы спяваеце, прывязаны да нашай рэчаіснасці? Ці разумеюць вас за мяжой?
Цімафей: Песня касмапалітычная, і зусім бы нас не зразумелі можа недзе на іншым кантыненце, дзе мова чужая, а тут усё проста. Гэта як, напрыклад, нехта кажа пра карціну абстракцыяніста, што ён малюе незразумелую мазню, а нехта кажа: “Ах, божа ты мой!”. Тут тое самае, нехта зразумеў, што ён калісьці гэта перажыў, а мы сфармулявалі і трапілі ў кропку, а нехта скажа, што хлопцы “вінтом мажуцца”. 
Еўрарадыё: Ёсць даволі вядомы малады беларускі гурт, а можа і не адзін, які выказваўся пра тое, што ваша творчасць іх натхніла. А ёсць беларусы, якія вам падабаюцца?
Ілля: Гэта выдатна, што мы кагосьці натхняем. Тут такая справа, што беларусы, якія мне падабаюцца – яны ёсць, але яны існуюць у іншых відах спорту. Напрыклад, мне падабаецца “Серебряная Свадьба”, але мы з імі ніяк не сутыкаемся. Мне цяжка на нейкім прафесійным узроўні нешта ў іх пазычыць, за выключэннем мелодыі. Яшчэ мне вельмі падабаюцца PortMone і Сяргей Пукст. Мы існуем, і ў нас няма прычын для канкурэнцыі, таму што мы ў розных відах спорту.
Еўрарадыё: Дарэчы, наконт спорту. У спорце ёсць допінг-кантроль. А калі б яго ўвялі для музыкантаў перад выхадам на сцэну, вы б засталіся? Ваша стаўленне да наркотыкаў і алкаголю.
Ілля: Усе, я б сышоў адразу. У нас выдатнае стаўленне да наркотыкаў і алкаголю. Я не напісаў ні воднай песні, знаходзячыся пад дзейнасцю наркотыкаў. І п’яным таксама звычайна не пішу. Не з-за прынцыповых перакананняў, а таму што калі ты п’яны за гітару бярэшся, тады галава проста падае. Калі напалены – пачынаеш абы-што пароць. Добра, натуральна, узяць гітару і ў рэгі акунуцца, але пачынаеш дрынькаць, і доўга-доўга мутарна можаш так дрынькаць, напісаць песню на 24 хвіліны, а зранку ўстаеш, а там напісана “бананавая лупіна” альбо “банан і лупіна”. 
Еўрарадыё: Ілля, ты казаў, што для цябе “Петля Пристрастия” – гэта згубная звычка. Якія такія звычкі ў вас ёсць?
Ілля: Шмат! Алкаголь. А яшчэ целік. Я перад целікам магу тупіць 24 гадзіны ў суткі, усялякую фігню глядзець. Я вельмі люблю “У гасцях у казкі”, і целік дае мне яе з лішкам. Па кожным канале табе абавязкова трындзяць! Усё прыгожа і прыемна: сёння мы запусцілі новы завод, хутка жыццё чалавецтва зменіцца да лепшага. Пераключаеш, а там нейкі вар’ят кроў сасе. Ды ўвогуле, страшная гэта залежнасць чалавека ад звычак. Вось, напрыклад, чалавек не есць мяса, і гэта вельмі часта прыводзіць да псіхалагічных стрэсаў. Гаворка пра тое, што чалавек у прынцыпе не свабодны і “Петля Пристрастия” – гэта чалавечая несвабода. А свабода можа быць толькі ў тым выпадку, калі ты памёр, альбо Далай Лама. Я знаходжуся ў секце “некарысна”. А законы секты – гэта рабіць усё, што можа нанесці шкоду здароў’ю. У секту “карысна” пераходзіць не хачу.

Еўрарадыё: З якой энергетыкай вы звычайна выступаеце, што хочаце данесці да слухачоў? 
Ілля: Людзі маюць патрэбу ў тым, каб запоўніць пустату. Мы ўсе па сутнасці даволі пустыя альбо спустошаныя. І наш гурт не выключэнне, мы таксама пустыя, і для нас гэта аргастычны момант , кшталту, давайце ўсе разам адарвёмся, і можа нешта атрымаецца. І ўзнікае нейкая эмацыйная сувязь, мы адчуем, што нам радасна і добра. Мы за любоў чалавека да чалавека. 
Еўрарадыё: Што бы вы хацелі, каб людзі пасля вашых канцэртаў рабілі альбо адчувалі?
Цімафей: Каб яны жылі і не заміналі жыць іншым.
Ілля: Каб людзі адчулі, што ўсе мы з аднаго цеста і што аднойчы мы ўсе памром.
Фота Дзяніса Дзюбы, Аляксандра Гусева

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі