"Пікетаваў з дапамогай БЧБ-карціны "Барсук"
Намесніка дырэктара мінскага бара "Барсук" Мікалая Пекара супрацоўнікі крымінальнай міліцыі затрымалі 19 лютага на працоўным месцы, піша ТГ-канал "Вясна назірае".
На яго склалі пратаколі паводле арт. 23.34 КаАП. Міліцыянты напісалі, што Пекар "пікетаваў з дапамогай БЧБ-карціны "Барсук", налепкі "Псіхо3%" і чахла на тэлефоне з Пагоняй".
Карціна, дарэчы, была падораная бару адным з наведвальнікаў. А герб "Пагоня" з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі, унесенай у адпаведны Дзяржаўны спіс.
22 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска адбыўся працэс над Пекарам. Ён на судзе сваю віну не прызнаў і сказаў, што асабіста ён карціну не вывешваў.
На судзе стала вядома, што сведкам у пратаколе пазначылі беспрацоўнога "Дзятлава". Але адвакат заўважыў, што гэта той жа самы супрацоўнік крымінальнай міліцыі, які затрымліваў бармэна, і чалавек, які вёў адміністрацыйны працэс і складаў рапарт — чатыры ў адным. Усё гэта павінны выконваць розныя людзі.
Суддзя Вольга Няборская прысудзіла Максіму Пекару 15 сутак арышту. У бармэна на ўтрыманні двухмесячнае дзіця.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.