Польшча хоча цалкам закрыць мяжу з Беларуссю? Падрабязнасці

Варшава

Варшава / Unsplash

Польшча абдумвае магчымасць поўнага закрыцця ўсіх памежных пераходаў на мяжы з Беларуссю, сказаў кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі ў эфіры польскага тэлеканала TVN24.

"Зараз мы вывучаем, якімі будуць наступствы для нашай эканомікі і мясцовых супольнасцяў", — сказаў Сікорскі.

Ён прыводзіць у прыклад закрыццё расійска-фінскай мяжы ў перыяд абвастрэння міграцыйнага крызісу. Радыкальнае рашэнне дапамагло справіцца з нарастаючым патокам нерэгулярнай міграцыі. Сікорскі заявіў, што Польшча будзе прымаць рашэнне пасля аналізу магчымых наступстваў.

"Каб наступствы адчуў Лукашэнка, а не мы", — дадаў кіраўнік польскага МЗС.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка пракаментаваў заяву міністра замежных спраў Польшчы. Ён падтрымлівае закрыццё ўсіх таварных пунктаў пропуску. Але падкрэслівае важнасць захавання магчымасці для перасячэння мяжы грамадзянамі Беларусі — праз пасажырскія пункты пропуску.

"Важна захаваць для беларусаў магчымасць для камунікацыі з Еўропай", — сказаў Латушка.

 

Пры чым тут Кітай?

Раней Еўрарадыё распавядала вам, да чаго можа прывесці поўнае закрыццё пагранпераходаў на мяжы з Беларуссю. Сярод невідавочных бакоў, зацікаўленых у гэтым пытанні — Кітай.

"Закрыццё межаў стане поўным правалам кітайскай эканамічнай палітыкі " Адзін пояс — адзін шлях" у частцы доўгатэрміновых інвестыцый у развіццё транзітных магчымасцяў "Кітай-Еўропа, — тлумачылі журналісту Еўрарадыё ў "Супольнасці чыгуначнікаў Беларусі". — Да гэтага можна аднесці і праект індустрыяльнага парку "Вялікі камень" у Мінску. Адзін з яго прыярытэтных напрамкаў развіцця грунтуецца на стратэгічным размяшчэнні на скрыжаванні двух міжнародных транспартных калідораў паблізу межаў найбуйнейшых эканамічных зон Еўрасаюза і Еўразійскага эканамічнага саюза".

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда цяпер знаходзіцца з афіцыйным візітам у Пекін. У панядзелак у яго пройдуць перамовы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам. Не выключана, што беларускае пытанне падчас гэтых перамоваў таксама падымуць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі