Польшча працягвае спробы па вызваленні Пачобута — Сікорскі
Анджэй Пачобут на судзе
Польшча працягвае спробы вызваліць палітвязня Анджэя Пачобута ў Беларусі. Пра гэта міністр замежных спраў краіны Радаслаў Сікорскі заявіў у эфіры тэлеканала TVN.
"Мы ўсе ведаем, што гэта за рэжым. Мы спрабуем паўплываць на гэтую сітуацыю па розных каналах, як на нашым кантыненце, так і ў згодзе з нашымі саюзнікамі", — падкрэсліў Сікорскі.
Ён нагадаў палякам, што ў Беларусі і Расіі ўсталяваліся жорсткія аўтарытарныя рэжымы. Палітык параўнаў сітуацыю з ваенным становішчам у Польшчы на пачатку 1980-х. І гэтае параўнанне было не на карысць сённяшняй Беларусі: "Але давайце ўспомнім, што ў Беларусі палітвязняў у адносінах да яе насельніцтва больш, чым у Польшчы падчас ваеннага становішча. Сапраўды гэтак жа, як у Расіі больш палітвязняў, чым у загніваючым Савецкім Саюзе, чым пры Брэжневе".
Кіраўнік польскага МЗС дадў, што ўсе польскія ўрады спрабавалі весці нейкую гульню з Лукашэнкам, але вынік быў заўжды аднолькавы.
Анджэя Пачобута затрымалі 25 сакавіка 2021 года па "справе палякаў". Яго абвінавацілі ў распальванні сацыяльнай, нацыянальнай ды іншай варожасці за артыкулы, у якіх ён называў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў віну яму паставілі артыкулы пра польскую меншасць у Беларусі і пра беларускія пратэсты 2020 года. Пачобута асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.