Польскі візавы цэнтр робіць больш жорсткімі патрабаванні да запрашэнняў для віз
У візавым цэнтры, ілюстрацыйнае фота
З 13 лістапада пры падачы дакументаў у Польскі візавы цэнтр VFS Global на атрыманне дзелавой візы стандартнага запрашэння ўжо будзе недастаткова. Пра змену патрабаванняў да запрашэнняў на візы шэнген з дзелавой мэтай паведамляецца на старонцы VFS Global.
Паводле новых правілаў, запрашэнне пры афармленні на дзелавую візу павіннае быць зарэгістраванае ў рэестры запрашэнняў у ваяводстве альбо "сапраўднасць подпісу асобы, якая запрашае, павінна быць заверана польскім натарыусам".
У верасні з'явілася інфармацыя, што Польшча пачала масава адмаўляць беларусам у адкрыцці віз для дзелавых і турыстычных паездак. Былі таксама адмовы і па іншых відах віз — рабочых і культурных. Аналітыкі звязвалі гэтыя адмовы з візавым скандалам у польскім МЗС. Ведамства западозрылі ў карупцыі польскія СМІ. МЗС Польшчы ў выніку прыняў рашэнне "скасаваць кантракты з усімі аўтсорсінгавымі кампаніямі, якім з 2011 года даручана працаваць з візавымі анкетамі". Але візавы цэнтр у Мінску вырашылі не закрываць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.