Пра "пячэнькі" і "пятнаццаць хвілін": што значыць сустрэча Ціханоўскай і Байдэна
Святлана Ціханоўская і Джо Байдэн / прэс-служба Белага дома
Праз сустрэчу Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам амерыканцы адпраўляюць еўрапейцам сігнал пра тое, што падзяляюць іх палітыку ў дачыненні да беларускіх уладаў, лічыць гісторык, доктар Аляксандр Фрыдман.
Гэта таксама і сігнал Маскве, лічыць суразмоўнік Еўрарадыё. Дэманстрацыя гатоўнасці падтрымліваць Ціханоўскую і нездаволенасці палітыкай Аляксандра Лукашэнкі.
"Гэтая сустрэча была магчымай, але даволі спантаннай. Напэўна, амерыканская адміністрацыя вырашыла паглядзець, як будзе паводзіць сябе Ціханоўская, якой будзе рэакцыя на яе, як яна будзе ўспрымацца. А паколькі ўспрымаецца яна вельмі станоўча, магчыма, таму Байдэн і прыняў такое рашэнне", — расказаў у эфіры Еўрарадыё Фрыдман.
Аналізуючы публікацыі ў СМІ, якія выходзілі ў час візіту Ціханоўскай у ЗША, палітолаг называе гэта "рэнесансам". Параўнальных кампліментарных публікацый у яе адрас не выходзіла са жніўня. Цяпер яе палітычная вага, лічыць суразмоўнік Еўрарадыё, куды вышэйшая.
Беларускія дзяржаўныя СМІ і тэлеграм-каналы асаблівы акцэнт зрабілі на "пячэньках", якімі Байдэн пачаставаў Ціханоўскую ў канцы сустрэчы.
"Ну што мы ведаем пра "пячэнькі"? Байдэн прынёс, пачаставаў — гэта такі галантны жэст. Такім чынам ён прадэманстраваў яшчэ і асабісты інтарэс да гэтага чалавек. Я не бачу ў гэтым ніякай непавагі, стаўлення як да тубыльцаў. Гэта фантазіі прапагандыстаў. Праблема беларускіх прапагандыстаў у тым, што яны не ведаюць, як функцыянуе Захад, не разумеюць заходніх палітыкаў, не чытаюць заходнюю прэсу. Яны глядзяць на падзеі за мяжой праз прызму сваіх расійскіх калег — і адаптуюць тое, што чытаюць", — лічыць Фрыдман.
Даваць прадказанні пра санкцыі і ацэньваць, якія пажаданні Ціханоўскай улічаць амерыканцы, суразмоўнік Еўрарадыё не бярэцца. Але зацікаўленасць у беларускай тэматыцы ЗША паказалі.
Поўнае інтэрв'ю Фрыдмана глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.