Працэс інтэграцыі Грузіі ў ЕС прыпынены
Мітынг у Грузіі супраць закона аб замежных агентах
Працэс інтэграцыі Грузіі ў Еўрапейскі саюз прыпынены, заявіў у аўторак у Тбілісі амбасадар Еўрасаюза ў Грузіі Павел Герчынскі. "Мне шкада гэта казаць, але лідары краін ЕС пагадзіліся спыніць працэс уступлення Грузіі", — цытуе Герчынскага анлайн-выданне eadaily.com. Паводле Герчынскага, лідарам Еўрасаюза няясныя намеры цяперашняга грузінскага ўрада. Незразумелыя матывы прыняцця закона аб замежных агентах. "Антызаходняя, антыеўрапейская рыторыка таксама зусім несумяшчальная з дэклараванай мэтай уступлення ў Еўрасаюз", — адзначыў еўрапейскі дыпламат. Вылучаныя для Мінабароны Грузіі 30 млн еўра замарожаныя.
Нагадаем, грузінскі парламент ухваліў закон "Аб празрыстасці замежнага ўплыву" ў сярэдзіне траўня. Рашэнне было прынятае, нягледзячы на шматтысячныя мітынгі, якія праходзілі ў краіне, а таксама вета прэзідэнткі Саламэ Зурабішвілі. Парламент пераадолеў вета, і закон уступіў у сілу 3 чэрвеня. Пасля гэтага ЗША ўвялі візавыя санкцыі супраць некаторых чальцоў грузінскага парламента і чыноўнікаў, датычных да прыняцця закона. А кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль заявіў, што краіны ЕС разгледзяць зніжэнне палітычных кантактаў з Грузіяй і перагледзяць фінансавую падтрымку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.