Прадстаўнікі “ДНР” і “ЛНР” падпішуць сёння дакумент ад адводзе ўзбраенняў
Самаабвешчаныя Данецкая і Луганская народныя рэспублікі падпішуць дакумент аб адводзе ўзбраенняў сёння, 30 верасня. Пра гэта заявілі журналістам прадстаўнікі “ДНР” і “ЛНР” Дзяніс Пушылін і Уладзіслаў Дэйнэга па выніках перамоваў у Мінску 29 верасня, інфармуе БелаПАН.
Пагадненне абмяркоўвалі тры месяцы і пасля працяглых перамоваў трохбаковай кантактнай групы нарэшце парафіравалі. Цяпер свае подпісы пад дакументам павінны паставіць лідары прарасійскіх сепаратыстаў.
Згодна з пагадненнем, удзельнікі канфлікту на Данбасе павінны адвесці танкі, артылерыю калібрам да 100 міліметраў і мінамёты калібрам да 120 міліметраў. Адвод узбраенняў будзе праходзіць у два этапы і пачнецца праз два дні пасля поўнага спынення агню. Свае подпісы пад тэкстам пагаднення паставілі спецпрадстаўнік старшыні АБСЕ ў кантактнай групе Марцін Сайдзік, а таксама прадстаўнікі Украіны і Расіі — Леанід Кучма і Азамат Кульмухаметаў.
На здымку Уладзіслаў Дэйнэга, фота: БЕЛТА