Праезд падаражэў ва ўсіх рэгіёнах, толькі ў Мінску кошты не змяніліся
Праезд у гарадскім і прыгарадным пасажырскім транспарце падаражэў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Апошнімі такое рашэнне прынялі ўлады Магілёўскай вобласці. Як і па ўсёй краіне, тарыфы выраслі там на 5 капеек. Кошт на талончык у транспарце звычайных і хуткасных маршрутаў складзе 55 капеек, на экспрэс-маршрутах — 60, а пры набыцці ў кіроўцы — 65 капеек.
Выключэннем застаецца Мінск, дзе талон на праезд у наземным транспарце каштуе 60 капеек, а жэтон у метро — 65 капеек.
Апошнім разам тарыфы на праезд у транспарце ў рэгіёнах пераглядалі ў кастрычніку мінулага года. Тады кошт аднаго талончыка склаў 50 капеек. Першымі тарыфы паднялі транспартнікі Мінскай, Гомельскай і Віцебскай абласцей, нагадвае TUT.by.
У Мінску падвышэнне коштаў на праезд мусяць разгледзіць на пасяджэнні Мінгарвыканкама. Разгляд гэтага пытання анансаваў 27 лістапада новы кіраўнік горада Анатоль Сівак. Ён адзначыў, што варта “вывучыць абгрунтаванасць такога крока”.
Паводле звестак МАРГ, беларусы на сёння кампенсуюць каля 71% выдаткаў на праезд у гарадскім аўтамабільным транспарце, астатнія выдаткі нясе дзяржава. Прычым у Мінску ўзровень кампенсацыі выдаткаў насельніцтвам складае 62,3%, а ў абласных цэнтрах — 83,1%.