Прафесійны бежанец: Перасякаю мяжу, знішчаю пашпарт і іду здавацца
Ігар атрымліваў статус бежанца ў Нідэрландах, Швецыі, Нарвегіі, Бельгіі, Германіі, Аўстрыі, Люксембургу, Ліхтэнштэйне і на гэтым не плануе спыняцца. Нягледзячы на тое, што пад Львовам жывуць жонка і двое дзяцей, з якімі мужчына ў выдатных стасунках.
З прафесійным бежанцам Еўрарадыё знаёміцца выпадкова. Добра апрануты мужчына сярэдніх гадоў ужо тыдзень жыве на мінскім чыгуначным вакзале. Прыехаў праверыць, якія ўмовы для мігрантаў прапануе Беларусь. Ужо ў першы дзень зразумеў, што тут заставацца не будзе. Затрымаўся, каб крыху паглядзець горад. Фатаграфавацца мужчына адмовіўся, маўляў, мала што! А вось распавесці сваю гісторыю пагадзіўся з задавальненнем.Еўрарадыё: Як вы сталі прафесійным бежанцам?
Ігар: Гэта здарылася, лічыце, выпадкова. У 1993-1994 гадах я працаваў у Польшчы і Чэхіі. Наш наймальнік быў нам вінен вялікія грошы за працу. І вось ён кажа: “Хочаш, я табе распавяду адну рэч, ты мне ўсё жыццё ўдзячны будзеш, а за гэта я больш не буду табе вінен грошы?”. І распавёў, як быў нелегальным мігрантам у Баварыі, прапанаваў мне туды паехаць і спакойна там сабе жыць. Я зацікавіўся.
Памятаю 1994-ты год, восень, дваццатыя чыслы кастрычніка… Нават памятаю, якія гарады, каб нелегальна перайсці мяжу: Дамажліцэ, адтуль на вёску Максаў і далей лесам пайшоў у Баварыю. Ён мне намаляваў карту. Там, дарэчы, вельмі добрыя карты ў крамах прадаюцца. У нас такіх не знойдзеш, нават бачна, дзе якія дрэвы. Пайшлі мы ўдваіх з сябрам, пацаны гадоў па 25. Узялі з сабой мармелад, усё ў цюбіках — набор шпіёна (усміхаецца). Абавязкова трэба ўзяць новую вопратку, усю цалкам: боты, нагавіцы, куртка.
Усю сваю вопратку маскіровачную — у мех і ў ваду. Выйшлі на трасу, злавілі школьны аўтобус, едзем. Пераапрануныя, акуратныя, усё, як трэба. Даехалі да Кёльцынга, адтуль да Рэгензбурга, а далей — ужо на Мюнхен. У Мюнхене мне ўжо вядомы адрас: Untersberg Strasse, 67 — прыёмны пункт бежанцаў. Там, дарэчы, побач ёсць царква, руская служба ідзе ў 14 гадзін, украінская — ў 16. Усе манашкі ў асноўным — з Аргенціны, самі украінкі, а жывуць у Германіі.
Прыйшлі мы туды здавацца, але пашпарт трэба загадзя знішчыць.
Еўрарадыё: То бок на самым пачатку яшчэ?
Ігар: Так! Ты ўжо іншы чалавек. Іваноў, Пятроў, Сідараў, жыхар РФ, Казахстана, любы, але не сапраўдны… каб не было праблем. Калі ты схаваеш свой пашпарт, то ён заўсёды можа выпадкова трапіць куды-небудзь не туды. Там без пашпарта ты кароль, з пашпартам — праблема. То бок усё не так, як у нас, усё наадварот.
Здаемся ў гэты прыёмны пункт і кажам, што дакументаў няма. У нас пытаюцца, хто вы. Гер Іваноў і гер Пятроў. І нас адразу накіроўваюць есці. Рускамоўныя адразу бягуць да рускамоўных. Да нас адразу прыйшлі знаёміцца дзве грузінкі, адна з іх журналістка ў мінулым. Дзесяць дзён у гэтым лагеры вырашаюць, куды цябе адправіць. Нас у выніку адправілі ў горад Кэмптэн каля швейцарскай мяжы.
Там былі тры месяцы. За гэты час у нас тры інтэрв’ю. Першае інтэрв’ю пра тое, як даехалі. Другое інтэрв’ю — матыў, чаму вырашыў з’ехаць, здацца… Яны могуць быць палітычныя, рэлігійныя, маральныя і тое, што мала хто ведае — па хваробе. У чалавека, ў якога дзіця захварэла, у самога нейкая цяжкая хвароба… тое, што на радзіме лечыцца слаба, ці ўвогуле не лечыцца, можа здацца туды. І яго будуць лячыць цягам года, не будуць пытацца пра дакументы, дадуць гатэль, будуць плаціць нешта кшталту 300 еўра…
І вось там мы жылі тры месяцы разам з бежанцамі з Марока, Камбоджы, В’етнама… карацей, маеш стасункі з абсалютна рознымі людзмі. Змяняешся там у момант. У асноўным, усе мігранты там вельмі лаяльныя адзін да аднаго, сябруюць і канфліктаў амаль не ўзнікае. Я там нават судзіў футбольныя матчы паміж Афганістанам і Іранам. Харчаванне на вышэйшым узроўні: мяса, курыца, усё, што пажадаеш. Тры разы на дзень кормяць. Бяры колькі хочаш! Стаяць вялізныя балеі з цукрам, гарбатай, кавай, малаком, какао…
Распарадак такі: раніцай паснедаў і ідзеш гуляць у горад, прыходзіш — абед, паеў і зноў у горад, а там ужо вячэра.
А ўсе міграны жывуць за дапамогу і крадуць, бо нічога за гэта не будзе
Еўрарадыё: А былі там людзі, з якімі сапраўды сябраваў, а не проста бавіў час?
Ігар: Я сябраваў там з мужчынам з Сірыі, з Дамаска. Ён старэйшы быў, такі салідны, з куфрам… Містар Джаміль. Ён прасіў прытулку недзе ў 15 краінах. Дваццаць гадоў не быў дома, ужо дзеці выраслі, у яго былі тры дачкі. У асноўным, раней ён працаваў у Заіры на капальнях алмазных. Ён шмат распавядаў пра сваё жыццё. Але праз тры месяцы ёсць такое паняцце, як трансфер, таму мы з ім раз’ехаліся.
У асноўным, у Баварыі пакідаць не жадаюць, размяркоўваюць па ўсёй Германіі і могуць накіраваць у невялікую вёску на тысячы дзве насельніцтва. Але нас з сябрам размеркавалі ў Браўншвайк, які лічыцца вялікім горадам. Там было нядрэнна. Там я пазнаёміўся з выхадцамі з Грузіі, якіх там вельмі шмат было. А ўсе мігранты жывуць за дапамогу, яна паўсюль розная 300 еўра ў месяц, 147… дарэчы, у Баварыі вельмі малая — 47 еўра. А па законе, працаваць ты не можаш цягам трох гадоў, проста няма такога права. Таму ўсе міграны крадуць.
Апранаюцца ўсе ў крамах, ядуць у крамах і г.д. Карацей, за тры гады ўсе прызвычайваюцца красці і ўжо потым папросту не жадаюць працаваць. Яны самі вінаватыя, бо па іх законах мігрантам за гэта нічога не будзе. У Баварыі жорстка, там садзяць, могуць на год нават. І турмы там вельмі цяжкія, ведаю на ўласным досведзе. А вось ва ўсходніх землях добра.
Карацей, трансфер, прыяжджаеш, табе даюць картку для налічэння дапамогі, даюць медыцынскую картку і ты вольны. Цяпер ты ўжо Іваноў Аляксандр Пятровіч з Іркуцка ці Уладзівастока і жывеш у Германіі. Адкуль ты насамрэч, ніхто не правярае. Раз на год даюць пісульку, з якой ты едзеш у расійскае консульства, там у цябе пытаюцца: дамоў хочаш? Кажаш, што не, і табе даюць паперку, што ты быў у консульстве. Праз год паўтараецца тое ж самае. Табе даюць адваката і, калі ты яму яшчэ даплачваеш 200-300 еўра, то ты ніколі з Германіі не ўедзеш.
Еўрарадыё: Дык а адкуль іх узяць, калі дапамога такая малая і працаваць нельга?
Ігар: Крадуць! Я іду ў краму, бяру тры курткі Джорджыа Армані і прадаю іх перакупам. Напрыклад, кожная куртка каштуе 265 еўра, прадаю я іх за палову кошту і маю ў кішэні 500 еўра. І гэта літаральна за 20-30 хвілін. А як гэта скрасці, цябе навучаць. Мяне навучылі расіяне, як пакаваць, як рабіць броні, каб не пішчэла… карацей, гэта справа тэхнікі. А зловяць, усё роўна нічога не будзе. Ну, складуць пратакол. У Саксоніі дваццаць няўдалых спробаў скрасці — месяц турмы. Як на курорце адпачыў, выйшаў, і за старое. Пасля такога ніхто ўжо працаваць не будзе. Такія ў іх законы для мігрантаў.
А нават калі ты і захочаш працаваць, то цябе ніхто не возьме. Бо немца, які найме на працу бежанца, аштрафуюць на 50 тысяч еўра… Каму гэта трэба?
Сербы пасля паўгадавой міграцыі, вяртаюцца дамоў, і жывуць там “яко кралі” пяць гадоў
Еўрарадыё: А вы вярталіся дамоў? Чаму?
Ігар: Першы раз з’ехаў, бо хварэла маці. Ды і надакучылі гэтыя гулянкі, дыскатэкі пастаянныя… Ёсць Міжнародная арганізацыя міграцыі, ты прыходзіш і кажаш: не хачу больш! Яны табе даюць паперку, ты ідзеш, і ў залежнасці ад тэрміну, які ты быў за мяжой, табе даюць грошы. За два гады, што я ў іх жыў, мне выдалі 6700 еўра. Ніякіх дэпартацый, нічога. Ты проста атрымліваеш квіток на самалёт, у аэрапорце табе даюць грошы, і ты ляціш дамоў. Такая сістэма.
Дарэчы, некаторыя сербы так і жывуць. У мяне былі суседзі. Яны прыязджаюць сям’ёй. Я быў адзін і, напрыклад, у Галандыі атрымліваў 260 еўра, у Германіі — 200, у Нарвегіі — 500, у Швецыі — 220, у Фінляндыі — 500 долараў. У Швецыі добра тое, што ты атрымліваеш дом, а калі ўмееш вадзіць машыну, то і машыну. Але ўсе краіны я яшчэ не аб’ездзіў, пакуль яшчэ ёсць запас.
Дык вось, мае суседзі з Сербіі! Пара і чацвёра дзяцей. У іх атрымлівалася дапамогі нешта кшталту 4000 на месяц. Яны паўгады сядзяць вось так, а потым дамоў. Ён мне казаў, што, калі вяртаецца дамоў, яны жывуць “яко кралі” пяць гадоў, за назбіраныя грошы і выплату за вяртанне на радзіму.
Еўрарадыё: Дык чаму вы там не ажаніліся?
Ігар: Там ажаніцца — не пытанне! Руская немка ў Германіі сама прапануе распісацца, маўляў, распішамся, і ты легалізаваны чалавек! Але навошта мне? Калі я легалізуюся, то пайду ў краму, нешта вазьму і мяне пасадзяць! Мне гэта нявыгадна, мне выгадна быць бежанцам! Дарэчы, я вось тут паглядзеў на колькасць алкаголю за спінамі ў бармэнаў у мінскіх барах… дык гэта, напэўна, толькі пятая частка майго хатняга баруа ў Германіі. Паверце, там нічога не хочаш ні есці, ні піць, нічога, толькі дамоў хочацца.
Калі заставацца жыць, то ў каралеўстве Нідэрланды мне вельмі падабаецца.
Еўрарадыё: Але вы цяпер жанаты, так?
Ігар: Так, я ажаніўся, калі вярнуўся ва Украіну. У мяне нарадзіўся сын, а потым паехаў зноў. Гэта вельмі цяжка маральна. Гэтым разам, калі я з’яжджаў, жонка была цяжарная. Другі сын нарадзіўся ўжо без мяне. Цяпер малодшаму тры месяцы, а старэйшаму будзе сем гадоў.
Еўрарадыё: Дык а навошта было з’яжджаць?
Ігар: Бо ты там жывеш і адпраўляеш дамоў грошы, вопратку… ты цалкам забяспечваеш сваю сям’ю. Але, калі вам падаецца, што гэта ўсё проста, то не! Ты ж там адзін, цябе ўвесь час цягне дамоў, да дзяцей, да жонкі, а забраць іх да сябе пакуль магчымасцяў няма.
Па гэтай прычыне вельмі многія бежанцы пачынаюць шмат піць. У інтэрнатах у асноўным мусульмане жывуць, дык у іх не прынята піць, яны ўсе кураць. Я прыходжу, а ў мяне вось такая гара гашыша на стале (паказвае рукамі горку вышынёй сантыметраў 20 і дыяметрам 40, — Еўарадыё). У іх так заведзена.
І кожны дзень у мяне пытаюцца, дзе мая сям’я. А з сям’ёй нават эканамічна больш выгадна там жыць. Мы б там шмат маглі зарабляць! А жонка ў мяне кухар, гатуе класна. Карацей, за пяць гадоў мы б там з жонкай зарабілі з гакам, каб нармальна жыць на радзіме.
Еўрарадыё: То бок перавезці сям’ю і застацца недзе там жыць назаўсёды, такі варыянт не разглядаецца?
Ігар: Я калі б заставаўся жыць, то ў якім-небудзь каралеўстве, княстве ці герцагстве. Вельмі мне спадабалася ў Люксембургу… зусім там усё па-іншаму. Нідэрланды… Вось Германія, нібы ўсё ў іх добра і гэтак далей, але Нідэрланды! Калі была каралева Беатрыкс, я заўсёды ездзіў на ўсе цырымоніі. Можна было на метраў дзесяць, а то і меней да яе падысці, фатаграфаваць і ніякай аховы. Усё так сімвалічна, так… карацей, людзі там зусім іншыя. Рэспублікі, прэзідэнты, канцлеры — усё гэта не тое, пры іх іншыя людзі. Мне насельніцтва больш падабаецца, калі яно пры каралях, герцагах…
А Нідэрланды падабаюцца яшчэ і таму, што ў іх такое паняцце, як статус. Мне ўжо давалі прапіску, але я гэтага не зразумеў і з’ехаў. А з’ехаў — усё. А там бы я застаўся дзеля дзяцей. У іх спорт выдатны. Такія магчымасці па кікбоксінгу і футболу, што калі ты здаровы хлопец, то не стаць чэмпіёнам — немагчыма. Футбольны абанемент у школу Кумана, куды ён сам нават прыходзіць выкладаць, каштуе 10 еўра на год. Футбалістаў там вырошчваюць, як блох.
А ў нашых краінах магчымасцяў нуль. Багаты, грошай шмат — гэта ўсё лухта, бо важнае асяроддзе! У нас асяроддзе не спрыяе. А там жывеш сабе спакойна… Я жыў у невялічкім гарадку Лютлхэст. Да 1984 года гэтай правінцыі ўвогуле не існавала, яе намылі, там восем метраў ніжэй за ўзровень мора. І вось там праходзіць кірмаш яхт. І бабулі з дзядулямі ходзяць і выбіраюць сабе яхту прыкупіць на пенсію — па 2.5-3 мільёны еўра. Клас.
Там таксама даюць квіткі на вывучанне мовы. Ты ходзіш разам з дзецьмі, ёсць адмысловыя класы. І табе за гэта яшчэ і грошы плацяць. Ёсць такія, што па дзесяць гадоў у гэтую школу ходзяць і ні бум-бум (смяецца). А іх ўнукі ўжо размаўляюць, як на роднай і здзекуюцца з дзядуль.
У Беларусі для мігрантаў ніякіх умоваў!
Еўрарадыё: Дык а чаму вы ў Беларусь прыехалі? Тут таксама нейкія добрыя ўмовы?
Ігар: Ды ніякіх! Паспрабаваў. Я люблю ўсё правяраць на ўласным досведзе. Тут мне сказалі, што толькі жыхары з зоны баявых дзеяняў на ўсходзе Украіны. Маўляў, можаш звяртацца ў Расію, там без пытанняў возьмуць, бо ўзрост прызыўны. Каб не пайшоў ваяваць у АТА. А нават, калі б мяне і ўзялі ў ваш лагер для бежанцаў, мяне там за тыдзень зжэрлі б. Я ж з захаду, а там пераважна ўсход. Ды і не здолею я жыць з іх менталітэтам.
Так што, буду вяртацца ў Еўропу. Але ў планах у мяне паспрабаваць дабрацца да Канады. Там умовы выдатныя. Калі яшчэ і сям’ю атрымаецца перацягнуць, дык увогуле… Там бежанцам можна браць вялікі крэдыт. Калі з сям’ёй, то каля мільёна долараў можна будзе ўзяць. А потым праз мяжу ў Штаты, і дамоў. Мне хопіць гэтых грошай да канцы жыцця. А я ведаю, што калі я задумаў, калі сабе сказаў, то так яно і будзе.
Еўрарадыё: У Беларусі вы даўно?
Ігар: Тыдзень. Жыву на вакзале. Але ўжо буду з’язджаць. Днямі мяне ледзь не прынялі за бутэльку віна, якой я грэўся, схаваўшыся ў парку. Выпіваў з кішэні, ціхенька, а яны падыйшлі і давай. Але адпусцілі.
У Германіі ёсць нават цэлыя мястэчкі, дзе жывуць адны рускія, туды нават паліцыя не ездзіць.
Еўрарадыё: Вы сказалі пра менталітэт усходніх украінцаў. А што, беларусы моцна адрозніваюцца, калі вы падумвалі пра эміграцыю сюды?
Ігар: Беларусы — нешта сярэдняе паміж немцамі і літоўцамі. Яны такія роўныя, мерныя, спакойныя… А ўсходнія украінцы… яны такія, ведаеце, як рускія ў Германіі. Яны там нікому не патрэбныя. У іх шмат праблем, яны п’юць, співаюцца, ужываюць метадон. Там камфортныя ўмовы, каб чалавек памёр. У Германіі рускія паміралі пачкамі. Цябе ўсім там забяспечваюць, але калі ты слабахарактарны, калі не разумееш, калі трапіў у такую асалоду і не трымаеш сябе ў руках — усё. На месяц па 25-30 чалавек хавалі.
Але ёсць шмат і тых, хто больш разумны, што выжывае. Ёсць нямала і тых, што ўвогуле не прызнаецца, што рускі і ведае рускую мову. Калі хочаш нармальна жыць, лепш рабіць менавіта так. Я аднойчы трапіў у госьці да рускіх і быў шакаваны. На кватэры зброі было безліч. У іх там свае бандыцкія групоўкі, якія арэндуюць склады і крадзенае перапраўляюць дамоў кантэйнерамі. Дарэчы, у Скандынавіі ёсць вельмі буйная групоўка беларускіх бежанцаў, якая гэтым займаецца. Яны сюды перапраўляюць вопратку і іншае, а тут, відаць, рэалізуюць…
У Германіі ёсць нават цэлыя мястэчкі, дзе жывуць адны рускія, туды нават паліцыя не ездзіць. Хіба толькі калі каго-небудзь заб’юць. Я быў у такой вёсцы, мне жартам прапанавалі з’ездзіць у Расію, і я пагадзіўся. Гэта зямля Бадэн-Вюртэмберг, сталіца якой Штутгарт. Там увогуле вельмі шмат мігрантаў жыве, у асноўным, грэкі і італьянцы, там нават большаць крамаў з іх нацыянальным каларытам.
Еўрарадыё: А дзяцей сваіх будзеце вучыць прафесійнаму бежанству?
Ігар: Я не хацеў бы, каб яны паўтаралі мой лёс. Я хачу, каб яны былі легалізаваныя, але вучыць буду. Проста, каб ведалі, што і як бывае. Каб ведалі, і на ўласным прыкладзе не правяралі. А мала што, можа, гэта ім і спатрэбіцца калі.
А сам я буду ўсё жыццё бежанцам. Шмат у гэтым рамантызму, разумееце. Да гэтага прызвычайваешся і ўсё, іншае жыццё ўжо падаецца нецікавым. Ды і з медыцынай там усё добра. Нават стаматолаг. Трэба, каб у цябе не было шасці зубоў. Што хочаш рабі, хочаш — выбі іх. І тады пішаш заяву ды ідзеш бясплатна лячыць. Усё лепшае паставяць! А адзін раз ляжаў у адной палаце з багатым немцам. Можа, нават міліянерам. І стаўленне да нас аднолькавае было. Ну і як, скажыце, ад гэтага адмовіцца?
Шчыра вам скажу, я магу любога чалавека падрыхтаваць да міграцыі. Каб ён не набіваў тых гузакоў, што я набіваў, а варыянтаў там для гэтага шмат (усміхаецца)!