Прафесійныя скаржнікі будуць плаціць за неабгрунтаваныя звароты
Таксама грамадзянам змогуць адмовіць у прыёме, калі яны звярнуліся ў нявызначаныя дні і гадзіны.
Кіраўнік краіны падпісаў новы закон “Аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”. Як паведамляе БЕЛТА, цяпер дзеянне закона не будзе распаўсюджвацца на звароты, якія выбягаюць з адносінаў паміж работнікам і наймальнікам.
Змяняюцца тэрміны разгляду зваротаў. Напрыклад, гэтыя тэрміны будуць пачынацца не з дня рэгістрацыі звароту, а з дня, які ідзе за ім. Апроч таго, пяцідзённы тэрмін, цягам якога арганізацыі павінны прыняць рашэнне па зваротах, якія атрымалі, але якія не ўваходзяць у іх кампетэнцыю, будзе лічыцца ў працоўных днях.
Дакумент замацаваў і пералік падставаў для адмовы грамадзянам у асабістых прыёмах. Такімі падставамі можа стаць візіт у нявызначаны дзень і час.
Удакладнены і парадак разгляду электронных зваротаў. Цяпер прадстаўнікі заяўнікаў павінны дадаваць копіі дакументаў, якія пацвярджаюць іх паўнамоцтвы. Прадугледжваецца і магчымасць спынення перапіскі з заяўнікамі, якія накіроўваюць паўторныя звароты ў адну і тую ж арганізацыю, да кампетэнцыі якой іх разгляд па сутнасці не адносіцца.
Сістэматычныя скаргі могуць цяпер дорага каштаваць заяўнікам. Цяпер за неабгрунтаваныя звароты давядзецца плаціць экспертам, а таксама пакрываць паштовыя выдаткі.
Фота з архіву