Пракуратура Германіі вывучае датычнасць Лукашэнкі да перапраўкі нелегалаў у ЕС

Мігранты ў лагеры ў Германіі​ / nvdaily.ru
Мігранты ў лагеры ў Германіі​ / nvdaily.ru

Пракуратура Германіі расследуе магчымую датычнасць уладаў Беларусі да перавозкі нелегальных мігрантаў у краіну, паведамляе ў нядзелю газета Bild са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Нямецкія следчыя мяркуюць, што "з дапамогай перавозкі мігрантаў, арганізаванай на дзяржаўным узроўні" Аляксандр Лукашэнка нібыта "хоча шантажаваць Еўропу з мэтай зняцця санкцый".

Са жніўня праз Беларусь нелегальна ўехала ў Германію амаль 4 тысячы іншаземцаў. У тым ліку толькі за першы тыдзень кастрычніка ў краіну прыбылі 1183 нелегала. Гэта пераважна грамадзяне Сірыі і Ірака, якія маюць беларускія студэнцкія візы, піша выданне.

Ўцекачы трапляюць у Германію галоўным чынам праз мяжу з Польшчай, якую ім дапамагаюць перасякаць беларускія памежнікі. Паводле інфармацыі Bild, мігранты плацяць Мінску за "дзяржаўны кантрабандны ўвоз" да 4 тысяч еўра.

Абстаноўка ў цэнтры першаснага прыёму мігрантаў у Айзенхютэнштадте (Брандэнбург) на мяжы з Польшчай настолькі напружаная, што тут ужо ўстаноўлены зімовыя намёты, паведамляе газета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі