Пралукашэнкаўскія хакеры ўзламалі сайт kyky.org
Пралукашэнкаўскія хакеры ўзламалі сайт kyky.org. Як паведаміла рэдакцыя выдання, гэта адбылося 28 верасня каля 17:30.
На адной са старонак сайта з'явілася фатаграфія Аляксандра Лукашэнкі, надпіс "Вы ўзламаныя" і спасылка на аўдыязапіс. Хакеры назвалі сябе "Кібер-контр-партызанамі".
Зменены голас у аўдыязапісе паведаміў: "Мы прыхільнікі Лукашэнкі. Нам вядома пра вашу распрацоўку сістэмы распазнання твараў, якая дазваляе дэанамізаваць супрацоўнікаў сілавых структур, а таксама пра ўзлом іх рахункаў. Сілавікі сумленнай працай зараблялі гэтыя грошы, разганяючы натоўп нядбайных пратэстантаў, таму мы не прымаем такога непарадку і хочам аднавіць справядлівасць. Ведайце, "Кібер-партызаны", вы таксама не абароненыя! І мы вас не баімся. Да сустрэчы".
Рэдакцыя KYKY заяўляе, што яна не мае дачынення ні да групоўкі "Кібер партызанаў", ні да сістэмы распазнавання твараў.
Як паведамлялася раней, хакерская групоўка "Кібер-партызаны" брала на сябе адказнасць за ўзлом сайтаў МУС, БТ і АНТ, сайта дзяржзакупак, Беларускай універсальнай таварнай біржы ды іншых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.