Пранесла? Хто з топавых бізнесменаў (пакуль) пазбег заходніх санкцый
Павел Тапузідзіс, Віктар Пракапеня, Аляксандр Машэнскі / калаж Еўрарадыё / Euroradio/ChatGPT
Адна з мэт заходніх санкцый — "кашалькі рэжыму" Аляксандра Лукашэнкі. Так называюць бізнесменаў, якія блізкія да ўладаў і атрымліваюць з гэтага выгаду, а наўзамен усяляк "дапамагаюць" і падтрымліваюць вышэйстаячых.
Некаторыя з іх ужо пад санкцыямі — напрыклад, Аляксей Алексін і Мікалай Варабей. Але некаторыя дагэтуль "праскокваюць паміж цуркамі", хоць іх нярэдка называюць лаяльнымі беларускім уладам. Расказваем, хто яны і якія бізнесы кантралююць.
Рыбны кароль
У абноўленым рэйтынгу ста самых паспяховых бізнесменаў Беларусі Аляксандр Машэнскі займае 6-е месца. Сярод асноўных яго актываў — "Санта Брэмар" і "Савушкін прадукт". Ёсць кампаніі ў Машэнскага ў Расіі, Украіне і Малдове.
За гады сваёй працы Машэнскі не толькі змог пераканаць улады прадаць яму шэраг дзяржаўных малаказаводаў і гандлёвых сетак, але і пабываў дэлегатам на Усебеларускім народным сходзе ў 2010 годзе — яго ў сваёй прамове згадваў Лукашэнка. У тым жа годзе Машэнскі быў даверанай асобай на выбарах.
Увайшоў ён і ў Савет па развіцці прадпрымальніцтва. Акрамя таго, бізнесмену даверылі кіраўніцтва Беларускай федэрацыяй веславання. Аляксандр Машэнскі атрымаў у спадчыну гэтую пасаду ад Пятра Пракаповіча, які ў той момант узначальваў Нацбанк.
Машэнскі ўваходзіць у Беларуска-Расійскі дзелавы савет, мае дзяржаўныя ўзнагароды. Нарэшце, у 2018-м ён за 20 тысяч рублёў купіў на аўкцыёне шакаладку з аўтографам Лукашэнкі.
Чаму Аляксандр Машэнскі не трапіў пад санкцыі? Пра тое, што яго збіраюцца ўключыць у "чорныя спісы", паведамлялі некалькі незалежных крыніц. Пацвярджаў гэта і сам Машэнскі — больш за тое, казаў, што "прыняў пэўныя меры", каб не трапіць пад абмежаванні.
Грэцкі сябар
Бізнесмену Паўлу Тапузідзісу ў свой час дазволілі парушыць манаполію дзяржавы на тытунёвую вытворчасць. Доўгі час у Беларусі былі толькі дзяржаўная фабрыка "Нёман" і яго "Тытунь-інвест". Пазней да ліку дапушчаных да гэтага бізнесу дадаўся і Аляксей Алексін.
Вядома ж, бываў ён і на Усебеларускім народным сходзе.
Бізнесмен не раз сустракаўся з Лукашэнкам: то ў яго працоўным кабінеце, то на Нарачы, дзе Тапузідзіс планаваў будаваць водны цэнтр. Уласна, і поглядаў сваіх ён ніколі не хаваў: "Некаторыя думаюць, што можна ўсё і за гэта нічога не будзе. Не. Павінен быць і парадак, і паслабленні, і павінна быць заўсёды грамадзянская адказнасць", — казаў Павел Тапузідзіс у эфіры БТ летам 2020-га.
Як і Машэнскі, Тапузідзіс таксама ганаровы консул. Прычым адразу дзвюх краін: Грэцыі (што лагічна, улічваючы яго карані) і Румыніі. Магчыма, гэта таксама стала фактарам яго нетрапляння пад санкцыі.
Таварыш па хакеі
Павел Белы апошнім часам нячаста з'яўляецца ў публічным полі. Можа, таму яго імя вам не здаецца такім знаёмым. Тым часам у рэйтынгу бізнесменаў ён займае 21-е месца і валодае буйной кампаніяй-забудоўшчыкам.
Пачынаў Белы як хакеіст, пазней гуляў за каманду Лукашэнкі... і пайшоў у бізнес. Цяпер сярод яго актываў значацца кампанія "Тапас", рыэлтарская фірма "Мегаполіс", трэнажорныя залы "Платформа" і X-Fit і многае іншае.
Летась прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант купіла кватэру ў комплексе "Алімпік-Парк" у бацькі Паўла Белага. Яго кампанія таксама пабудавала скандальна вядомы рэстаран "Лебядзіны", на адкрыццё якога прыходзіў Лукашэнка. Тамсама ў траўні 2020-га канцэрт для "сваіх" ладзіў Віктар Лукашэнка, а ў жніўні выходзіла замуж Вікторыя Лукашэнка, унучка галавы сям'і.
Не "адыходзіць ад цела" Белы і ў спартыўным сэнсе: напрыклад, удзельнічае ў "Мінскай лыжні" ў камандзе Лукашэнкі.
Ніякіх прыкметных замежных сувязяў у Белага няма.
Даглядальнік Зімбабвэ
У рэйтынгу бізнесменаў Аляксандр Зінгман займае сціплае 62-е месца, хоць ягоны ўплыў выглядае досыць сур'ёзным. Ён давераная асоба экс-кіраўніка Кіраўніцтва справамі Віктара Шэймана і, хай з Лукашэнкам непасрэдна не кантактуе, цесна працуе з ягоным канфідэнтам. Імя Зінгмана таксама гучала ў кантэксце прапанаваных апазіцыяй санкцыйных спісаў.
Зарэгістраваная ў ААЭ кампанія Зінгмана Aftrade прадае ў Афрыку беларускую і расійскую тэхніку. Праўда, афрыканскія СМІ нярэдка заяўляюць і пра тое, што бізнесмен займаецца не толькі трактарамі, але і зброяй. У тым ліку па падазрэнні ў гэтым яго затрымлівалі ў пачатку года ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга.
У Зінгмана добрыя сувязі з кіраўніцтвам некаторых афрыканскіх краін і, як сцвярджаюць мясцовыя СМІ, з некаторымі дзеячамі з Ізраіля.
Паралельна Зінгман — ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі. Зразумела, гэта ніяк яму не дапамагае змагацца з магчымым трапляннем пад санкцыі, затое бізнесу спрыяе.
Хто трапіць пад новыя санкцыі?
Еўрасаюз працягвае працу над пятым пакетам санкцый, новыя абмежаванні рыхтуюць і ЗША. Канкрэтыкі адносна іх пакуль няма. Аднак гучала і тое, што пашыраны санкцыі могуць быць супраць асобных "кашалькоў". Далей усё залежыць ад ступені абгрунтаванасці і адпаведнасці крытэрам. Ну і ад лобі, вядома.
Новыя санкцыі могуць быць абвешчаныя ўжо ў кастрычніку.