Прапагандыста Старыкава ў “Доме Масквы” бараніў былы ультраправы футбольны фанат

Прапагандыста Старыкава ў “Доме Масквы” бараніў былы ультраправы футбольны фанат

Сустрэча з расійскім публіцыстам, прапагандыстам “рускага міра” Мікалаем Старыкавым з пустога месца пераўтварылася ў рэзанансную падзею. У многім гэта здарылася з-за скандала, калі дэмакратычныя актывісты паспрабавалі госця асвістаць, а прарасійскія — выштурхнулі іх з залы. Прарасійскіх было значна больш.

Сярод абаронцаў Старыкава не было ніякай прафесійнай аховы з Расіі. За яго заступіліся мясцовыя казакі, сябры арганізацыі “Русь молодая” і проста людзі, якія прыйшлі паслухаць расійскага прапагандыста і адчуваюць з ім ідэйную еднасць.

Адзін з чытачоў Еўрарадыё апазнаў у абаронцах Старыкава вядомага ў мінулым фаната “Дынама-Мінск” Дзмітрыя Лемяшонка. Некалі яго называлі мянушкай “Лемя” і лічылі прыхільнікам ультраправых ідэй.

Кажуць, што ў 90-х і 2000-х “правыя” фанаты “Дынама” схіляліся да прарасійскіх пазіцый.

Прапагандыста Старыкава ў “Доме Масквы” бараніў былы ультраправы футбольны фанат

Знаходзім старонку, падпісаную именем гэтага чалавека, у сацсетках. Пазнаем яго па фотаздымках.

Старонка ў інтэрнэце, здавалася б, дае добрае ўяўленне пра ідэйныя погляды асобы. Тут і фота з казакамі, і здымак са сцягам “ДНР”, і знакаміты банер “Динамовцы — парни с белой кожей и голубых кровей”. У той жа час бачная прыхільнасць чалавека да праваслаўя.

Звязваемся з Дзмітрыем Лемяшонкам. Пра інцыдэнт у “Доме Масквы” ён размаўляе неахвотна. Ды і на лекцыі Старыкава “нічога новага і цікавага для сябе не пачуў”.

“Часам мяне падрывае. Я лёгкі на пад’ём і катэгарычны. Ускіпаеш, а потым думаеш: што ты зрабіў і для чаго? — па-філасофску разважае Дзмітрый. — Трэба больш задумвацца пра свой унутраны пасыл. Я ўчора быў на лекцыі, звязанай з культурай. Там праваслаўныя, католікі спрачаліся з пенай у роце. Я кажу: “Вы агульныя кропкі шукайце, а не тое, што вас раз’ядноўвае”. Які сэнс заставацца ў стане агрэсіі? Агрэсіі і так шмат”.

Еўрарадыё: На вашай старонцы можна ўбачыць свастыкі, нехта на архіўных фотаздымках "зігуе". Якая ў вас сёння пазіцыя наконт неанацызму?

Дзмітрый Лемяшонак: Я сапраўды верыў у правыя ідэі і жыў гэтым. А потым усё змянілася кардынальна. Дзякуй Богу, што не нарабіў ракавых памылак. Што тычыцца фашыстаў, нацыстаў — гэта пераважна няшчасныя людзі, якія заблукалі. Ёсць сярод іх і падонкі. Шмат хто з такіх людзей кепска заканчваў. За гэтыя погляды пакутаваць дакладна не мае сэнсу. З гэтым трэба змагацца. Гэта падман. Але любыя палітыкі падманваюць. Усё скатваецца ў папулізм, камерцыю, задавальненне амбіцый. Левыя, правыя, дэмакраты, лібералы — усё гэта адны лякалы. Вам гэта трэба — жарыце, а мы на вас будзем зарабляць. Беларусаў сутыкнулі з рускімі, рускіх з украінцамі. А нехта ў гэтай мутнай вадзе вылоўлівае рыбку. Потым сядуць у “Прэзідэнт-гатэлі”, у “Кемпінскі”, паціснуць адно аднаму рукі... А тое, што тысячы загінулі і столькі ж засталіся інвалідамі — ім не важна.

Еўрарадыё: Вы бачыце Беларусь незалежнай дзяржавай ці ў складзе Расійскай імперыі? Як ставіцеся да беларускай мовы?

Дзмітрый Лемяшонак: Я адчуваю яе незалежнай дзяржавай. Але тое, як я трактую незалежнасцю, вы, магчыма, будзеце лічыць акупацыяй. Гэта доўгая гутарка. Але я ўсё жыццё балеў за беларускіх спартсменаў па любых відах спорту. І нават калі яны былі пад бел-чырвона-белым сцягам, я іх атаясамліваў з сабой, што гэта мой кавалак Радзімы. Нядаўна быў на архітэктурнай лекцыі, звязанай з будаўніцтвам храмаў. Адны ўдзельнікі выказваліся за беларускую мову, іншыя супраць. Усё перайшло у палітычную плоскасць. Як для мяне, назвы месяцаў па-беларуску мне падабаюцца больш. Лістапад, снежань. Яны адлюстроўваюць тое, што ёсць у прыродзе. Увогуле, калі здараецца супрацьпастаўленне рускага і беларускага, спрэчкі пра сімволіку — усё гэта робіцца наўмысна для ўласнай выгады пэўных асоб.

Прапагандыста Старыкава ў “Доме Масквы” бараніў былы ультраправы футбольны фанат

Еўрарадыё: Мяркуючы па архіўных фота, вы з’яўляецеся прыхільнікам імперскага сцяга (расійскі праварадыкальны сімвал, — Еўрарадыё).

Дзмітрый Лемяшонак: Я нашу тое, што ў мяне ёсць. Падарыў мне нехта — я яе апрануў. Падораць мне майку са сцягам Ізраіля, ці з амерыканскім, ці з Брытанскім — апрану гэтую майку, буду хадзіць у ёй. Мне галоўнае, каб зручна было, цёпла. Галоўнае голым не хадзіць. Я да гэтага прасцей стаўлюся. Я люблю, калі ўсё проста, але не прымітыўна. Напрыклад, не люблю гэтых кніг пра геапалітыку. Ты не можаш на яе паўплываць. А вось бабульку перавесці праз дарогу, альбо хлопцу без нагі дапамагчы — гэта лепш, чым у гэтых майкай фатаграфавацца ці па 150 пастоў пісаць у інтэрнэце. Вось, пра што трэба задумвацца.

Прапагандыста Старыкава ў “Доме Масквы” бараніў былы ультраправы футбольны фанат

Я расцэньваю Мікалая Старыкава, як свайго ворага, ворага для Беларусі і брацкай Украіны. Ён чалавек імперыялістычных поглядаў, які не лічыцца з існаваннем такіх нацый. 

Мікола Дземідзенка, дэмакратычны актывіст

Актывіст, які асвістаў Старыкава: Наша задача была, паказаць, што тут не Разань і не Цвер

Маладафронтавец Мікалай Дземідзенка — той самы актывіст, які асвістаў Старыкава. А пасля гэтага яго выштурхнулі з залы, некалькі разоў ударылі і рассеклі губу. Аднак Дземідзенка не стаў звяртацца ў міліцыю, сцвярджае, што ў яго няма ніводнай гематомы.

Актывіст тлумачыць, навошта ён заварыў кашу з асвістваннем расійскага госця:

“Усё вельмі проста. Я расцэньваю Мікалая Старыкава, як свайго ворага, ворага для Беларусі і брацкай Украіны. Ён чалавек імперыялістычных поглядаў, які не лічыцца з існаваннем такіх нацый. Старыкаў — гэта марыянетка, якую прымаюць усе: і Пуцін, і Лукашэнка. Калі заўтра палітычная замова будзе такая, што Лукашэнка кепскі, Старыкаў пачне яго лаяць. Ён прыязджае стварыць шоў, паказаць, што мы частка “рускага міра”. І наша задача была, паказаць, што тут не Разань і не Цвер. Яны прыязджаюць не да сябе дадому, іх тут гатовыя асвістаць. І далей будзе толькі горш”.

Еўрарадыё: Чаму тады Старыкава ў “Доме Масквы” асвісталі ўсяго некалькі чалавек?

Мікола Дземідзенка: У Беларусі няма цэнтралізацыі, няма магчымасці прыйсці некуды і выступіць. Палітыкі не здолелі аб’яднаць людзей. Пасля гісторыі ў Доме Масквы мне напісала безліч людзей, якія ў будучым пры нагодзе хацелі б далучыцца.

Палітолаг: Партыя Старыкава віртуальная, смешна казаць, што яна вызначае расійскую палітыку

“Партия великое отечество” Мікалая Старыкава выглядае дзіўнай палітычнай структурай. У расійскай Дзярждуме яна не прадстаўленая. Сам публіцыст выглядае інтэлігентным чалавекам, а ў той жа час на афіцыйным сайце сваёй структуры рэкламуецца з агнястрэльнай зброяй у руках.

Прапагандыста Старыкава ў “Доме Масквы” бараніў былы ультраправы футбольны фанат

Яго прыхільнікі ― казакі, якія выштурхоўвалі Дземідзенку і іншых актывістаў з залы, таксама рыхтуюцца да нейкіх войнаў.

Спрабуем разабрацца, ці прытрымліваецца “Партия великое отечество” праварадыкальных поглядаў.

“Гэта віртуальная партыя. Калі ўсур’ёз казаць, што Старыкаў у нейкай ступені вызначае расійскую палітыку, то гэта смешна, — здзіўляецца пытанню Еўрарадыё Кірыл Коктыш, кандыдат палітычных навук, выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносінаў. — Так, існуе такая з’ява на небасхіле, існуе па кітайскім прынцыпе “няхай квітнеюць тысячы кветак”. Старыкаву хацелася б, каб яго інтэрпрэтацыя супадала з меркаваннем Крамля. Але гэтага няма. Ён звычайны прапагандыст, на сваёй хвалі”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі