Прапаршчык з СІЗА, дзе памёр Пцічкін, атрымаў медаль за бездакорную службу
Узнагарода прызначаная ўсяго праз 2 месяцы пасля смерці вязня, па факце якой зараз вядзецца крымінальная справа і прызначаныя дадатковыя экспертызы.
Указам №466 ад 11 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў супрацоўнікаў МУС і Следчага камітэта “за бездакорную службу”. Сярод узнагароджаных медалём трэцяй ступені — Віталь Шамко, старшы прапаршчык, які працуе ў следчым ізалятары №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.
Але ўсяго 2 месяцы таму, 4 жніўня ў гэтым ізалятары пры нявысветленых абставінах памёр вязень — 21-гадовы Ігар Пцічкін. Сваякам памерлага сказалі, што ён сканаў ад сардэчнага прыступу. Але тыя, пабачыўшы гематомы на яго целе, не паверылі і настаялі на разбіральніцтве.
У канцы верасня Следчы камітэт распачаў у сувязі са смерцю Пцічкіна крымінальную справу супраць аднаго з работніку СІЗА №1. Прызначаныя дадатковыя экспертызы. Ці фігуруе ў справе імя Віталя Шамко — Еўрарадыё невядома. Але нават калі не — ці можна назваць “бездакорнай” службу ў СІЗА, дзе побач так нечакана і неадназначна паміраюць вязні?
Фота: platformarb.com, nn.by.